БЕЛ Ł РУС

У Беларусь з Расіі экстрадавалі жанчыну, якая махлярыла пад прыкрыццём турыстычнага бізнэсу

23.07.2025 / 18:41

Nashaniva.com

У Мінску перад судом паўстане бізнесвумен, якую абвінавачваюць у буйным махлярстве. Паводле даных Следчага камітэта, махлярства адбывалася на працягу некалькіх гадоў і прывяло да нанясення падманутым шкоды больш чым на 170 тысяч рублёў.

Фота ілюстрацыйнае

Жанчына з Мінска, якой цяпер 48 гадоў, яшчэ ў 2013 годзе заснавала турыстычную кампанію, якая спачатку працавала паспяхова. Кліенты былі задаволеныя, а бізнэс актыўна развіваўся. Але з 2019 года сітуацыя змянілася: замест абяцанага адпачынку людзі сутыкаліся з дадатковымі выдаткамі — нібыта раптоўнымі зборамі, перадаплатамі і іншымі праблемамі, якія ўзнікалі перад самым вылетам.

Акрамя таго, уладальніца фірмы пачала браць у жыхароў Мінска пазыкі на патрэбы бізнэсу, але вяртаць грошы не спяшалася. У выніку ўзніклі вялікія даўгі і дзясяткі абураных кліентаў. У 2021 годзе 48 чалавек звярнуліся ў міліцыю. Была заведзеная крымінальная справа па факце махлярства ў асабліва буйным памеры.

Жанчына ўцякла з краіны і на працягу амаль трох гадоў хавалася ў Расіі. Але ў 2024 годзе яе знайшлі, а ў 2025-м экстрадавалі назад у Беларусь. Падчас следства яна адмовілася даваць паказанні, але следчыя і так сабралі дастаткова доказаў яе віны.

Жанчыне выставілі абвінавачанне паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Беларусі (махлярства ў асабліва буйным памеры). Цяпер яна знаходзіцца пад вартай і чакае судовага рашэння.

Чытайце таксама:

У міліцыі расказалі, як праверыць, якому банку належыць карта

Дзяўчына хацела арандаваць у Мінску стыльную двухпакаёўку за $380, але западозрыла нядобрае

Газетная публікацыя выратавала мінчанку ад крымінальнага пераследу і страты грошай

Каментары да артыкула