Міністр замежных спраў Літвы заступіўся за Офіс Ціханоўскай
Літоўскі дэпутат-нацыяналіст Вітаўтас Сініца прапанаваў Міністэрству замежных спраў краіны скасаваць акрэдытацыю прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі, то-бок Офіса Святланы Ціханоўскай. Аднак сам міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс не бачыць для гэтага падстаў.
Кястуціс Будрыс. Фота: AP Photo/Mindaugas Kulbis
«Статус, які прадстаўніцтву быў нададзены, дазваляе яму функцыянаваць, дзейнічаць, выконваць свае задачы, аб’ядноўваць дэмакратычныя сілы. […] На гэты момант я не бачу падстаў разглядаць гэта пытанне», — сказаў кіраўнік літоўскай дыпламатыі журналістам.
Член Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Сойма Літвы Вітаўтас Сініца ў сваім звароце заяўляў, што Офіс Святланы Ціханоўскай, маўляў, карыстаецца гасціннасцю і добрай воляй Літвы не для прасоўвання добрасуседскіх адносін, а з мэтай стварэння своеасаблівай базы «альтэрнатыўнай Беларусі» ў Літве. Таксама ён абвінавачваў Ціханоўскую ў тым, што яна нібыта выразна не асуджае «ліцвінізм» і крытыкуе намеры Літвы абмежаваць іміграцыю з Беларусі з меркаванняў нацыянальнай бяспекі, чым нібыта ўмешваецца ва ўнутраныя справы краіны.
Таксама літоўскі парламентарый звярнуў увагу на нашумелае апошнім часам выказванне Сяргея Ціханоўскага пра магчымасць стварэння аўтаномных «астравоў» беларусаў. Сініца ўспрымае гэтыя выказванні як «пастаноўку пад сумнеў тэрытарыяльнай цэласнасці Літвы і яе дзяржаўнага ладу, таму яны павінны быць рашуча асуджаныя».
Сам Ціханоўскі адразу пасля таго, як ягоныя словы выклікалі скандал, патлумачыў, што меў на ўвазе зусім іншае.
Вітаўтас Сініца — палітолаг, філосаф і адзіны ў Сойме Літвы дэпутат ад нацыяналістычнай партыі Нацыянальнае аб'яднанне. Партыя сабрала 2,93% галасоў на выбарах 2024 года і па партыйных спісах у парламент не прайшла, але Сініца ў другім туры перамог у віленскай акрузе Каралінішкі-Замачак свайго суперніка з партыі «Саюз Айчыны».
Чытайце таксама:
Наўседа выказаўся наконт ідэі Ціханоўскага пра аўтаномныя «астравы» беларусаў у розных краінах