БЕЛ Ł РУС

«Пакуль не чуў, каб беларусаў дэпартавалі». Амерыканскі адвакат пра міграцыйную палітыку ЗША пры Трампе

24.07.2025 / 10:1

Nashaniva.com

Перадвыбарчая рыторыка Дональда Трампа і яго наступныя дзеянні на пасадзе прэзідэнта ЗША настваралі клопатаў мігрантам. Цяпер пагроза дэпартацыі стала больш рэальнай, як і ўтрыманне ў турме, акружанай кракадзіламі і пітонамі — менавіта такую адкрылі 1 ліпеня ў ЗША.

Што цяпер адбываецца з беларусамі, якія выбралі Штаты як тэрыторыю, куды можна схавацца ад пераследу на радзіме, ці як «краіну для жыцця»? Куды іх могуць дэпартаваць, калі ў ЗША няма наўпроставага паветранага злучэння з Беларуссю?

Пра гэта і іншае «Позірк» паразмаўляў з адвакатам беларускага пахождання Раманам Сэйджам, які ўзначальвае міграцыйны кірунак у юрыдычным офісе Martin Druyan & Associates Attorneys (Нью-Ёрк).

Як краіна, створаная мігрантамі, зрабілася для іх мачахай

Барацьба з нелегальнай міграцыяй была адным з ключавых перадвыбарчых абяцанняў Дональда Трампа. Неўзабаве пасля яго прыходу да ўлады, у сакавіку, Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША выдала указ аб адкліканні прававога статусу прыкладна ў 500 тыс. мігрантаў з Кубы, Гаіці і Венесуэлы.

На пачатку мая The Washington Post пісала, што Трамп мае намер за першы год прэзідэнцтва дэпартаваць каля мільёна нелегальных мігрантаў. Гэта было б самай масавай дэпартацыяй у гісторыі краіны. Хаця да гэтага часу Штаты пакуль не пераскочылі рэкорд Барака Абамы — больш за 400 тыс. дэпартаваных на год.

Новаўвядзенні Трампа — «самадэпартацыя» і турма з кракадзіламі і пітонамі. Так, Трамп абяцаў плаціць мігрантам па тысячы даляраў, калі яны захочуць самастойна пакінуць ЗША. Урад абяцае пакрыць усе выдаткі на падарожжа, а грошы мігранты атрымаюць пасля вяртання ў краіну паходжання.

Затрыманых у Штатах мігрантаў трымалі ў адмысловых турмах ці адпраўлялі ў Сальвадор, у вялізны ізалятар на некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

1 ліпеня ў Фларыдзе адчыніўся Цэнтр утрымання мігрантаў «Алькатрас з алігатарамі». Ён знаходзіцца на закінутай узлётна-пасадачнай паласе сярод балот.

Улады ЗША заявілі, што асноўную абарону ад уцёкаў мігрантаў будуць забяспечваць драпежнікі — алігатары і пітоны. Таксама Трамп прыняў рашэнне пра забарону на ўезд у ЗША грамадзянам 12 краін.

Беларусы «не ў прыярытэце на дэпартацыю»

Адвакат Сэйдж не думае, што «новая міграцыйная палітыка» Трампа негатыўна паўплывае непасрэдна на беларусаў. Каментуючы выпадкі, калі беларусы жывуць у статусе просьбітаў прытулку і два, і чатыры, і дзесяць гадоў, юрыст заўважае, што гэтыя людзі «не ў прыярытэце на дэпартацыю». Суразмоўца падкрэслівае, што акурат нядаўна яго кліент, грамадзянін Беларусі, атрымаў прытулак у ЗША.

Справа разглядалася ў Нью-Ёрку, беларус прэтэндаваў на прытулак, бо яму небяспечна на радзіме: ён браў удзел у пратэстах 2020 года, сядзеў «суткі» у ізалятары. У 2022-м выехаў з Беларусі, у ЗША трапіў праз аплікацыю CBP1 — яна была створаная пры мінулым прэзідэнце ЗША Джо Байдэне, ёй карысталіся мігранты, якія траплялі ў ЗША праз Мексіку.

«Такі спосаб прыезду ў ЗША, з дапамогай гэтай аплікацыі, дазваляе падаваць прашэнне на прытулак і цяпер. А тыя, хто ў 2023-2024 гадах уехаў ў ЗША не праз аплікацыю, паводле закона, які падпісаў Трамп, не могуць прасіць прытулак і павінныя або выехаць адсюль, або прасіць іншы від абароны», — удакладняе Сэйдж.

У сённяшняй сітуацыі адвакат бачыць пэўныя тэндэнцыі, якія закранаюць усіх мігрантаў, беларусаў таксама: калі ёсць хоць маленькая зачэпка, то вялікі адсотак, што па міграцыйнай справе будзе вынесена адмоўнае рашэнне. Чаму так робіцца? «Таму што міграцыйныя суддзі — гэта не сапраўдныя суддзі, міграцыйныя суды не прадугледжаныя Канстытуцыяй ЗША. Гэта адміністрацыйныя органы, яны уваходзяць у склад Дэпартамента юстыцыі ЗША. І таму, канечне, суддзі ў пэўнай залежнасці ад адміністрацыі, выканаўчай улады.

Бо ўжо ёсць выпадкі, калі суддзя стаіць перад выбарам, ці даць просьбіту прытулак і страціць працу, ці адмовіць у прытулку і захаваць працу. Але калі мы кажам пра беларусаў, то насамрэч іх становішча не такое і дрэннае ў міграцыйных судах. Усе ведаюць, што ў Беларусі ўжо не першае дзесяцігоддзе пануе дыктатура, і гэта аб’ектыўная падстава, каб прасіць прытулак. Але абавязкова павінен быць і персанальны складнік: што з табой непасрэдна здаралася ў Беларусі, ці пераследуюць непасрэдна цябе. На гэтым трэба сканцэнтравацца ўсім мігрантам — абавязкова мець доказы пераследу. Мінулі часы, калі суддзя мог даць прытулак толькі на падставе нейкіх слоў, заяў самога мігранта», — кажа Сэйдж.

Прытулак могуць даць не толькі праз палітычны пераслед

Адвакат звяртае ўвагу, што у Беларусі здзяйсняецца не толькі палітычны пераслед, але і пераслед паводле прыналежнасці да пэўных сацыяльных груп. Напрыклад, прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Але ці актуальна цяпер гэта ў ЗША, калі Трамп казаў, што існуе толькі два гендары?

«Тое, што кажа Трамп, тое, што агучваюць СМІ ад яго — гэта больш шоў, чым рэальнае становішча спраў. Усё гэта робіцца з адной мэтай — прыцягнуць інфармацыйную увагу да яго персоны, да яго дзеянняў. Калі ён страціць цікавасць да пэўнай тэмы, то і агучваць нічога не будзе», — тлумачыць суразмоўца.

На яго думку, пасля прыходу да ўлады Трамп хацеў кансалідаваць грамадства супраць мігрантаў, але яно не стала адзіным на гэтай глебе. «Наадварот, тыя ж пратэсты ў Лос-Анджэлесе (сёлета ў чэрвені. — «Позірк».) супраць Трампа даказваюць, што меркаванне грамадзян па гэтым пытанні не заўсёды супадае з тым, што кажа прэзідэнт у сваіх выступах», — зазначае Сэйдж.

Але, паводле яго слоў, заяўнік усё адно павінен мець доказы пераследу ў Беларусі: ці ты прадстаўнік ЛГБТ-супольнасці, ці ты не атрымаў медычную дапамогу толькі таму, што належыш да гэтай супольнасці, бо нібыта сам вінаваты.

«Беларусы павінны ведаць: калі іх зневажаюць паводле палітычных матываў ці прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы, яны могуць атрымаць абарону ў іншай краіне. І такой краінай на сёння ёсць Злучаныя Штаты. Нават калі мы чытаем пра нейкія адыёзныя выпады з боку Трампа ці яго адміністрацыі», — падкрэслівае адвакат.

Лепш быць мігрантам у дэмакратычных штатах, чым у рэспубліканскіх

Паводле назіранняў суразмоўцы, становішча мігрантаў рознае ў залежнасці ад штата. Большая частка мігрантаў, якіх цяпер затрымліваюць, маюць у біяграфіі крымінальны эпізод. Для іх горш, калі яны парушылі закон ў рэспубліканскіх (г. зн. якія галасуюць за рэспубліканцаў) штатах, такіх як Фларыда ці Тэхас. У гэтых штатах ёсць законы пра кааперацыю мясцовых уладаў з федэральнымі. То бок, калі сёння мігранта арыштавала паліцыя, трэба рыхтавацца да таго, што заўтра яго арыштуюць федэральныя ўлады (міграцыйная служба ў тым ліку) і адправяць у міграцыйную турму. Калі ж мігрант здзейсніў злачынства на тэрыторыі дэмакратычнага штата (Ілінойс, Каліфорнія ці Нью-Ёрк), то там на заканадаўчым узроўні прапісана, што мясцовая ўлада не мае права каааперавацца з федэральнай наконт міграцыйнага статусу злачынцы.

«Дапусцім, вы ехалі ў нецвярозым стане за стырном і вас арыштавалі, ці вы скралі нешта ў краме — мясцовая ўлада не можа перадаваць звесткі пра вас федэральнай уладзе. І таму пэўны час вы можаце заставацца на волі. Але трэба мець на ўвазе, што гэта ўсё часова. Бо рана ці позна міграцыйныя органы атрымаюць гэтую інфармацыю. Яны будуць маніторыць сайты судовай сістэмы штата, будуць бачыць ваша прозвішча, якое не выглядае «амерыканскім». Яны адначасова могуць праверыць, ці ёсць у вас дакументы. Калі няма — вас будуць чакаць каля будынку суда, як гэта здараецца цяпер», — апісвае практыку Сэйдж.

Паводле яго слоў, ёсць суддзі, якія вельмі негатыўна ставяцца да мігрантаў. Напрыклад, нядаўна ў Фларыдзе суддзя нават не даслухаў сутнасць справы і пастанавіў дэпартаваць чалавека, «кажучы пра тое, што не хапае нейкай паперы, хаця гэтае яго патрабаванне не было законным».

Калі суддзя негатыўна настроены, атрымаць прытулак будзе вельмі складана. Але можна перавесці справу ў іншы суд — калі пераехаць у іншы штат ці нават у іншы горад у межах штата. Канечне, гэта каштуе часу, грошай, нерваў.

«Міграцыйны афіцэр крыкам патрабаваў ад беларуса, каб той і не думаў прасіць прытулак»

Раней у беларускіх СМІ пісалі пра наяўнасць спіса на дэпартацыю, у якім больш за 300 беларусаў. Ці значыць гэта, што мігрантаў з гэтага спіса будуць шукаць? Сэйдж кажа, што мігрантаў ловяць не па спісах. Гэта робяць міграцыйныя службы ў будынку суду, ці, напрыклад, у вялізнай краме будаўнічых матэрыялаў, дзе набываюць тавары мігранты, якія часта працуюць менавіта на будоўлях. «Яны хапаюць гэтых пакупнікоў, правяраюць іх міграцыйны статус і ніякімі спісамі не кіруюцца, таму што ў іх няма магчымасці гэта ўсё рабіць паводле спіса. Гэта ўсё воля выпадку», — адзначае юрыст.

Паводле яго інфармацыі, у краіне штодзень затрымліваюць каля 1.600 чалавек, «і гэта вельмі мала ў параўнанні з мільёнамі, пра якія казаў Трамп». Адвакат пацвярджае, што пры Абаме, а менавіта ў 2010-2014 гадах, было арыштавана і дэпартавана найбольш мігрантаў, «але гэта ўсё тады не мела такой увагі СМІ». «Таму можна зрабіць выснову: тое, пра што пішуць СМІ, не адпавядае рэчаіснасці», — лічыць Сэйдж.

Ён звяртае ўвагу на новую практыку міграцыйных органаў — затрымліваць мігрантаў у судах і закрываць іх справы. «Улады не хочуць дэпартаваць мігранта паводле закона, таму закрываюць справу ў судзе, адначасова садзяць у турму і ствараюць умовы, пры якіх ты сам гатовы выехаць. У мяне ёсць кліент, беларус, ён нядаўна перасек мяжу Мексікі з ЗША, і яго пакуль трымаюць у дэпартацыйнай турме. Дык міграцыйны афіцэр прыходзіў да яго штодзень і крыкам патрабаваў, каб ён сам добраахвотна выехаў. Таму што, маўляў, цяпер тут іншая адміністрацыя, іншая палітыка і ніхто не дасць яму ніякія паперы. Калі мой кліент спытаў, ці ёсць нейкі дакумент, каб ён мог яго падпісаць, ці дзе такое напісана, уздзеянне міграцыйнага афіцэра скончылася», — распавядае юрыст.

«Трэба проста чатыры гады пачакаць»

Яшчэ адно незразумелы момант з беларусамі: куды іх дэпартаваць пры адсутнасці наўпроставага паветранага спалучэння з Беларуссю? Былі выпадкі, калі грамадзян розных краін вывозілі ў Сальвадор, а грамадзян краін Азіі — у Афрыку. «Але гэтая практыка спынілася», — адзначае Сэйдж.

Важная рэмарка: Злучаным Штатам не так проста адмовіцца ад надання прытулку, бо ёсць законы і міжнародныя нормы, пад якімі яны падпісаліся. «Таму цяпер ёсць пэўная інфармацыйная хваля, але яна сыходзіць, застаецца пена. Што будзе далей, невядома», — кажа адвакат.

Міграцыйныя справы разглядаюцца ў ЗША вельмі доўга, нават пяць, дзесяць гадоў. Цяпер сітуацыя не палепшылася. Наадварот, Трамп і яго былы дарадца, экс-кіраўнік Дэпартамента эфектыўнасці ўрада мільярдэр Ілан Маск, паводле слоў юрыста, рабілі ўсё, каб больш афіцэраў міграцыйнай службы было звольнена. «Яны, Трамп і Маск, казалі: калі вы не падзяляеце нашы палітычныя погляды, вы павінны быць звольненыя. А новых афіцэраў пакуль не набралі, ды і не так шмат ахвотных, бо не кожны падзяляе погляды адміністрацыі», — зазначае Сэйдж.

На яго думку, зараз адміністрацыя Трампа будзе шукаць тое, што, паводле законаў таталітарызму, аб’ядноўвае нацыю — агульнага ворага. Мігранты не пракацілі, трэба нехта іншы.

«Ім важна сказаць «мы ў стане вайны», увесці ваеннае становішча, каб затыкаць рот кожнаму, хто будзе выказвацца ў грамадскай прасторы. Можа, і не дойдзе да такога. Як спецыяліст магу сказаць, што гэта ўсё часовае, няма нічога вечнага. Трэба проста чатыры гады (тэрмін паўнамоцтваў Трампа. — «Позірк».), можа, менш, пачакаць, і гэта скончыцца. Мы ведаем стыль кіравання Трампа: як толькі ў яго знікае інтарэс да пэўнай тэмы ці гэтая тэма ўжо не прыцягвае столькі грамадскай увагі, то ўжо будзе ўсё па-іншаму. Зарана пасыпаць галаву попелам. Я пакуль не чуў, каб беларусаў дэпартавалі з ЗША», — рэзюмуе Сэйдж.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула