Форвард мінскага «Дынама» Дылан Дзюбэ і яшчэ чатыры хакеісты прызнаныя невінаватымі па справе аб сэксуальным гвалце
Суд правінцыі Антарыа ў чацвер прызнаў невінаватымі хакеістаў Дылана Дзюбэ, Картэра Харта, Алекса Фармэнтана, Кэйла Фута і Майкла Маклауда па справе аб меркаваным групавым сэксуальным гвалце, што адбыўся ў чэрвені 2018 года ў Лондане, паведамляе «Беларускі хакей».
Скрыншот відэа
Суддзя Марыя Кароча адзначыла, што не палічыла паказанні пацярпелай, вядомай пад ініцыяламі E.M., праўдападобнымі і надзейнымі.
«Паколькі я не магу абапірацца на доказы, прадстаўленыя E.M., і ўлічваючы ўсе матэрыялы справы, я прыходжу да высновы, што абвінавачанне не змагло даказаць віну падсудных», — заявіла Кароча.
У дачыненні да Дзюбэ суд устанавіў, што абвінавачанне не даказала, што шлёп па ягадзіцах пацярпелай з’яўляўся актам сэксуальнага характару. Таксама не было знойдзена падстаў лічыць, што аральны кантакт паміж Дзюбэ і E.M. адбыўся без яе згоды.
Апраўдальныя вердыкты былі вынесены амаль праз шэсць тыдняў пасля завяршэння судовых дэбатаў і праз сем гадоў пасля меркаванага інцыдэнту.
Усе пяцёра абвінавачваных былі членамі моладзевай зборнай Канады, якая выйграла чэмпіянат свету сярод юніёраў у 2018 годзе.
Дылан Дзюбэ з’яўляецца абмежавана свабодным агентам у КХЛ: кваліфікацыйную прапанову гулец атрымаў ад мінскага «Дынама».