БЕЛ Ł РУС

70-гадовую жанчыну з Гомеля пасадзілі за каментары. Гэта самая пажылая палітзняволеная

25.07.2025 / 12:35

Nashaniva.com

Сафію Бачурынскую асудзілі да зняволення ў калоніі па чатырох палітычных артыкулах і залічылі ў «экстрэмісты». Ёй пагражала да шасці гадоў.

Сафія Бачурынская. Фота з яе старонкі ў «Аднакласніках»

Сафіі Бачурынскай з Гомеля 70 гадоў. Апошнія гады яна займалася сеткавым маркетынгам.

Сафія жыве актыўным жыццём. Яна любіць падарожжы і за апошнія гады пабывала ў некалькіх краінах ЕС і Украіне. Яшчэ адно хобі жанчыны — маляванне.

Адна з карцін, напісаная Сафіяй

Бачурынскую затрымалі ў снежні 2024 года. А ў 2025 асудзілі па чатырох артыкулах — «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Ёй пагражала да шасці гадоў калоніі.

Сутнасць абвінавачанняў невядомая, але выглядае, што справа ў каментарах у тэлеграме. Акаўнт жанчыны быў не абаронены і цалкам адкрыты, таму сілавікам было нескладана яе ідэнтыфікаваць.

Сафіі Бачурынскай прысудзілі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі. Прысуд уступіў у сілу. Сёння яе дадалі ў спіс «экстрэмістаў» МУС.

Бачурынская цяпер — самая пажылая палітзняволеная сярод жанчын за кратамі. Раней гэта была Ірына Мельхер, асуджаная па справе Аўтуховіча.

Чытайце таксама:

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?

57-гадовую экс-работніцу Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Каментары да артыкула