«Саўт-парк» жорстка высмяяў Трампа. Белы дом рэзка асудзіў
Белы дом сур’ёзна адрэагаваў на з'едлівую пародыю на Дональда Трампа ў новай серыі мультсерыяла «Саўт-парк» (South Park), дзе Сатана адхіляе любоўныя замахі «Трампа», бо ў таго — малы пеніс. Прэс-сакратарка Белага дома заявіла, што гэты серыял ужо даўно нікому не цікавы, а ягоныя стваральнікі выдаюць нясмешныя сюжэты, піша Бі-бі-сі.
South Park
Новая серыя «Саўт-парка» — першая пасля двухгадовага перапынку і першая ў 27-м сезоне — выйшла на канале Comedy Central у гэтую сераду.
Увогуле ў гэтай новай серыі аўтары абвінавачваюць нядаўніх прыхільнікаў Трампа ў крывадушнасці, а самога Трампа — у двудушнасці і карыслівасці.
Сцены Белага дома ў мультфільме завешаныя партрэтамі аголенага Трампа ў каралеўскіх мантыях, сам Трамп, распранаючыся дагала, скача ў сваёй спальні ў ложак да Сатаны, а той адхіляе яго любоўныя замахі.
Калі прэм’ер-міністр Канады пратэстуе супраць уведзеных Трампам пошлін, той заяўляе, што разбамбіць Канаду, «як толькі што разбамбіў Ірак».
«Мне здаецца, ты бамбіў Іран», — адзначае канадзец.
«А, Ірак, Іран — якая розніца!» — адказвае Трамп.
Серыя заканчваецца «рэкламным ролікам» Трампа, абавязак паказваць які мульцяшны Трамп навязвае жыхарам Саўт-Парка, што паўсталі супраць яго.
У роліку — ужо не мультыплікацыйным — створаны ШІ Трамп брыдзе па пустыні, паступова зрываючы з сябе ўсю вопратку, урачысты голас за кадрам апавядае, які ён адважны і мэтанакіраваны. Затым ужо зусім голы Трамп падае, з-за вялізнага жывата выглядае пеніс з вочкамі і гучыць фінальная фраза: «Трамп. Яго пеніс — мізэрны, але яго любоў да нас — велізарная!»
Намесніца прэс-сакратаркі Белага дома Тэйлар Роджэрс, каментуючы гэтую пародыю, заявіла, што «Саўт-парк» нікому не цікавы ўжо 20 гадоў і «выдае банальныя ідэі, адчайна спрабуючы прыцягнуць да сябе ўвагу».
«Прэзідэнт Трамп усяго за паўгода выканаў больш абяцанняў, чым любы іншы прэзідэнт у гісторыі нашай краіны, і ніякае трэцясортнае шоу не пераб’е шэраг перамог прэзідэнта Трампа», — сказала Тэйлар Роджэрс.
Стваральнікі «Саўт-парка» Мэт Стоўн і Трэй Паркер у чацвер на фестывалі Comic-Con у Сан-Дыега распавялі, што яны чатыры дні спрачаліся з прадзюсарамі, зацерці пеніс ці не. Тыя патрабавалі зацерці. У выніку Стоўн і Паркер, па іх словах, вырашылі прымаляваць пенісу вочкі, каб пазбегнуць зацірання.
Пазоў, звальненне, зліццё
Усяго некалькі дзён таму Стоўн і Паркер падпісалі з уладальнікамі канала Comedy Central, кампаніяй Paramount, дамову аб эксклюзіўных правах на паказ серыяла па ўсім свеце на суму 1,5 мільярда даляраў.
У гэты самы час Paramount дамагаецца ад урада згоды на шматмільярдную здзелку — зліццё з кампаніяй Skydance.
Paramount таксама валодае тэлекампаніяй CBS, і ў гэтым статусе на пачатку ліпеня вырашыла выплаціць 16 мільёнаў даляраў, каб не даводзіць да суда іск Трампа з нагоды адрэдагаванага інтэрв’ю Камалы Харыс, выпушчанага ў эфір перад лістападаўскімі выбарамі.
Палітыкі з Дэмакратычнай партыі заявілі, што гэта быў дрэнна замаскіраваны хабар Трампу, каб той не перашкаджаў зліццю.
Манера Трампа падаваць пазовы на велізарныя сумы таксама абыграна ў новай серыі «Саўт-Парка».
На мінулым тыдні CBS абвясціла пра закрыццё папулярнага вядучага вячэрняга шоу Стывена Кольбера, які востра крытыкаваў Трампа. Кампанія заявіла, што робіць гэта па фінансавых прычынах, але апаненты ёй не паверылі.