Берасцеец ператварыў сямітонны валун у каменную ванну
Жыхар Брэста Уладзіслаў Саўчанка ўласнаручна зрабіў купель з прыроднага каменя. На праект у яго сышло амаль чатыры месяцы, некалькі балгарак, дзясяткі алмазных дыскаў і тона цярпення, піша Onliner.by.
— Тры з паловай месяцы таму ў мяне з’явілася ідэя — стварыць нешта сапраўды вялікае. Я паехаў у мясцовы кар’ер і папрасіў дырэктара паказаць самы вялікі камень. Ён паказаў, і я яго забраў.
Першапачаткова Улад думаў, што камень важыць каля трох тон — але гэта аказалася толькі вяршыня.
— Калі прыехаў грузіць, высветлілася, што большая частка каменя была ў зямлі. Экскаватар выкапаў, а маніпулятаршчык паглядзеў і сказаў: «Уладзіслаў, я такое не павязу. Не падніму».
Неяк камень каўшом закінулі ў кузаў, прывезлі — і, канешне, выгрузіць яго маніпулятар не змог. Аказалася, ён важыць сем з паловай тон. Давялося падымаць прычэп і скідваць яго каля майстэрні.
Было страшна пачынаць з ім працаваць. Нават не з-за вагі, а таму што я не ведаў, з якога боку пачаць, і разумеў, што любы няправільны крок мог усё сапсаваць.
Спачатку я адрэзаў аснову, каб хаця б як-небудзь яго выраўняць. Потым хацеў перавярнуць камень і выклікаў для гэтага пагрузчык. Ён паспрабаваў, але не справіўся: пагнуў вілы і ледзь сам не перавярнуўся. Давялося выклікаць «Амкадор» — толькі ён змог перавярнуць гэтую глыбу.
Далей, па словах хлопца, пачалася самая цяжкая частка — выразанне чашы.
— Камень аказаўся неверагодна шчыльны. Адзін вялікі алмазны дыск «жыў» максімум два дні, маленькага хапала на гадзіну. Балгаркі гарэлі адна за адной. За гэтыя 3,5 месяцы ў рамонт я адвёз пяць балгарак, тры з якіх ужо не аднавіць. Увесь гэты час я працаваў амаль навобмацак, ад пылу і бруду нічога не было відаць. Часам літаральна рэзаў навобмацак.
Я разумеў, што гэта прыродны камень, і ўсярэдзіне можа хавацца ўсё што заўгодна. Калі б у ім была трэшчына, то ўсе мае сілы і грошы пайшлі б марна. А тут толькі на расходнікі і інструмент пайшло 2460 даляраў, гэта не лічачы часу, лагістыкі і кошту самога каменя.
Але абышлося. Купель, як Улад называе сваё тварэнне, усё ж атрымалася і змяшчае траіх дарослых чалавек.
— Паліроўка — асобная гісторыя. Адзін нумар даводзілася паліраваць па тры-чатыры дні, а такіх нумароў восем. Фізічна гэта было вельмі цяжка. Але калі я ўбачыў, які колер адкрыўся ўнутры каменя, — зразумеў, дзеля чаго ўсё гэта было.
— А што з ёй будзе далей?
— Я планую яе прадаць, хачу купіць бацькам дом, але мне не хапае часткі сумы. За колькі — пакуль сказаць не магу, але ў Расіі вырабы меншых памераў каштуюць ад 1 млн рублёў (каля $13 000).