БЕЛ Ł РУС

Даведаліся, як жыве Сяргей «Хлопатнае дзельца» Міронаў

26.07.2025 / 10:38

Nashaniva.com

23-гадовы Сяргей Міронаў у 2020 годзе працаваў на «Інтэграле» і нечакана для сябе самога стаў героем інтэрнэт-мемаў, калі пасля затрымання на адным з маршаў сілавікі запісалі з ім відэа. Падчас здымак хлопец не стушаваўся і арыгінальна саскочыў з пытанняў супрацоўніцы міліцыі: назваў забастоўкі «хлопатным дзельцам» і параіў усім беларусам кідаць курыць, каб мець магчымасць бегаць ва ўсю моц.

Сяргей Міронаў. Скрыншот з відэа МУС

У 2020-м Сяргей Міронаў адсядзеў 15 сутак. Маці Сяргея таксама два разы судзілі — за ўдзел у мірнай акцыі і за беларускі сцяг на акне. У 2021 годзе іх абаіх зноў затрымалі — Сяргей правёў у няволі яшчэ 30 сутак.

Ад знаёмых хлопца «Наша Ніва» даведалася, чым ён займаецца сёння.

Як высветлілася, пасля таго, як Сяргей звольніўся з «Інтэграла», ён нейкі час вывучаў на курсах JavaScript (мова праграмавання), пасля ўладкаваўся на яшчэ адзін завод, але ў 2023 годзе выехаў з Беларусі, у тым ліку перажываючы, што беларусы могуць уступіць у вайну з Украінай.

Сёння Сяргей Міронаў жыве ў Польшчы і працуе на заводзе аператарам рэзальна-фрэзеравальнага CNC станка (з лічбавым праграмным кіраваннем). Паралельна спасцігае камп’ютарную навуку ў Школе лічбавых кампетэнцый Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

У міліцэйскім роліку Сяргей раіў усім беларусам кінуць паліць, і сам паступова таксама прыйшоў да гэтага.

«Ведаю, што бегаць ён спрабаваў, але выявіліся праблемы з галёнкамі, таму кінуў і часцей ездзіць на ровары», — расказаў знаёмы Сяргея.

Свабоднага часу ў хлопца пасля працы і заняткаў анлайн ва ўніверы застаецца няшмат, але калі з’яўляецца свабодная хвілінка, ён чытае, слухае аўдыякнігі і медытуе.

Калі Сяргея і яго маці затрымлівалі, многія беларусы перажывалі за яшчэ аднаго члена іх сям’і — сабаку Фелікса. У хвастатага зараз усё добра, ён застаецца разам з матуляй у Беларусі.

Сябар Сяргея таксама расказаў, што яго сэрца цяпер занятае — ён сустракаецца з дзяўчынай.

«Ведаю, што ён імкнецца пашыраць веды ў розных галінах. І вельмі перажывае, каб у Беларусі і ў нашых суседзяў не здарылася яшчэ чаго горшага.

Здабыццё як мага больш сапраўднай свабоды волі для яго застаецца каштоўнасным арыенцірам».

Чытайце таксама:

Як сёння жывуць Кузнечыкі, якія амаль два гады хаваліся ў пасольстве Швецыі, каб не трапіць у кіпцюры сілавікоў?

Палітзняволены грамадзянін Латвіі атрымаў у СІЗА дубінкай за тое, што заступіўся за беларускамоўнага зняволенага

Пратасевіч наракае, што не можа знайсці працу і задумваецца пра ад’езд

Каментары да артыкула