У Магілёўскім раёне мужчына наўмысна раскідаў на дарозе цвікі і самарэзы
У адной з вёсак Магілёўскага раёна 46-гадовы мужчына трапіў пад крымінальны пераслед пасля таго, як стаў раскідаць цвікі і самарэзы на дарогу каля свайго дома. Такім чынам ён хацеў «адахвоціць» аўтамабілістаў, каб тыя аб’язджалі ягоную вуліцу.
Як паведамляецца, праз гэтую вуліцу часта ездзілі жыхары суседняй вёскі напрасткі ў Магілёў, і гэта, паводле слоў мужчыны, яго раздражняла.
«Перашкода» спрацавала даволі хутка — адзін з кіроўцаў, які ехаў на аўтамабілі Citroën, пашкодзіў колы. Пасля гэтага ён звярнуўся ў міліцыю.
Праваахоўнікі высветлілі, што металічныя прадметы былі раскіданыя наўмысна. Мужчыну затрымалі, супраць яго завялі крымінальную справу па артыкуле «хуліганства».
Чытайце таксама:
Магілёвец забыў кашалёк на даху машыны
На каршэрынгавыя аўтамабілі хочуць паставіць алказамкі
У Мінску затрымалі пенсіянера, які чыніў самасуд над кіроўцамі
У Гродне пенсіянер паспрабаваў замініраваць аўто суседа. Мужчыну выратаваў сабака