У сталіцы павялічаць колькасць веладарожак на праезнай частцы
У сталіцы павялічаць колькасць веладарожак на праезнай частцы. Адбудзецца гэта ўжо ў 2025 годзе, піша Tochka.by.
Фота: Tochka.by
Пакуль у сталіцы два такія аб’екты: усім вядомая дарожка каля Камароўскага рынку і менш папулярная — на вуліцы Новавіленскай у напрамку да Арлоўскай.
У 2025-м таксама прадугледжана рэалізацыя такой веладарожкі па вуліцы Старажоўскай.
«Шукаюцца і іншыя ўчасткі», — расказаў намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс Лівановіч.
Асноўныя фактары, на якія абапіраюцца спецыялісты пры планаванні, — ад банальнай шырыні праезнай часткі да інтэнсіўнасці руху веласіпедыстаў і аўтамабіляў.
Такую працу праводзяць і для выдзялення веладарожкі на ходніках: перад нанясеннем характэрнай разметкі вывучаюць шырыню пляцоўкі і мэтазгоднасць рашэння.
«Цяпер распрацоўваюцца схемы … па праспекце Партызанскім, па Даўгінаўскім тракце і яшчэ прыкладна па сямі ўчастках», — анансавала дырэктар мінскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва Ірына Альхоўская.
Пакуль працягласць роварных шляхоў у Мінску — больш за 330 км, а актыўных карыстальнікаў двухколавым транспартам — каля 800 тыс. чалавек.
Каб зрабіць горад камфортным для ўсіх іх, у сталіцы зацвердзілі канцэпцыю развіцця веласіпеднага руху да 2030 года.