БЕЛ Ł РУС

«Прапаноўваў два блокі Winston, каб перадалі Знаку ліст». Былы палітвязень Дзмітры Міхайлаў — пра Максіма Знака

26.07.2025 / 14:12

Nashaniva.com

У папраўчай калоніі №3 сядзяць некалькі беларускіх палітвязняў. Адзін з самых вядомых — гэта адвакат Максім Знак. Пра яго зусім няма ніякіх звестак ужо некалькі гадоў. Верагодна, што з 2022 года і дагэтуль Максім знаходзіцца ў ПКТ — памяшканні камернага тыпу.

Максім Знак

Пра гэта «Свабодзе» расказаў Дзмітрый Міхайлаў, грамадзянін Латвіі, які правёў у беларускай турме тры з паловай гады за свае выказванні ў закрытым чаце ў адным з месенджараў.

Вызвалілі Дзмітрыя 21 чэрвеня 2025 года разам з іншымі беларускімі палітычнымі зняволенымі пасля візіту спецыяльнага пасланніка Трампа ў Мінск. У інтэрв’ю «Свабодзе» Дзмітрый Міхайлаў распавёў, што ведаў і чуў пра Максіма Знака, знаходзячыся з ім у адной калоніі.

— Сітуацыя з ім дзіўная. За некалькі месяцаў да таго, як я трапіў у калонію, мне расказалі, што Максім быў у ёй, што ён там быў у дзявятым атрадзе. Нават нейкія гіры для спорту, здаецца, набыў ці родныя перадалі. І памятаю, тымі гірамі Знака нават займаліся некалькі месяцаў. А потым яго пасадзілі ў ШЫЗА. Гэта было ў 2022 годзе. У ШЫЗА — і з пераводам у так званае ПКТ — памяшканне камернага тыпу. Гэта як бы турма ўнутры лагера. То бок ты знаходзішся, жывеш па камерным рэжыме. Ну і вось да 21 чэрвеня 2025 года ён адтуль не выходзіў.

Я магу сказаць, што ён дакладна жывы, бо на той момант, калі я быў у ШІЗА, я яго чуў: яго пераводзілі з ШЫЗА ў ПКТ. Па голасе ён быў такі бадзёранькі. Я ведаю, што ён вельмі шмат кніг замаўляе, чытае вельмі шмат. Па лістах — не ведаю, ці можа ён там перапісвацца, але чытае ён шмат.

Я ўвесь час спрабаваў нешта пра яго даведацца, прапаноўваў хлопцам, хто ходзяць туды — цяпер ужо можна сказаць — прапаноўваў два блокі Winston, каб перадалі яму ліст. Яны кажуць: «Дзіма, мы любому іншаму хоць кумпяк вось такі перададзім. А яму — нічога!». То бок таму, хто яму нешта перадасць — таму ўсё, адразу проста ж**па.

Калі я сам быў у ШЫЗА, адзін раз спрабаваў да яго дакрычацца — але там па калідоры не так проста гэта зрабіць — проста дакрычацца: «Максім, трымайся, цябе памятаюць, цябе не забылі, усё будзе добра». Але, на жаль, я думаю, што ён, напэўна, не чуў.

Чаму быў аддадзены такі загад?.. Вось, напрыклад, калі Сяргей Ціханоўскі — ён жа ў турме правёў 5 гадоў, так? Чаму Максім Знак сядзіць не ў турме і не ў лагеры, а ў ПКТ 2,5 года? Гэта не да мяне пытанне. Хутчэй за ўсё, нават і не да калоніі ВК-3.

Але цяжка, вядома, думаю, яму там — цяжка ад слова «зусім». Хацелася б, каб за яго, можа, як мага хутчэй пазмагаліся.

Чытайце таксама:

Палітзняволены грамадзянін Латвіі атрымаў у СІЗА дубінкай за тое, што заступіўся за беларускамоўнага зняволенага

Палітвязень зрабіў сэлфі проста ў камеры СІЗА на Валадарскага

Вызвалены з турмы ў Беларусі грамадзянін Латвіі: За тры гады страціў 26 кілаграмаў і цалкам пасівеў

Каментары да артыкула