«Незалежнасць не падае з неба і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць». Ціханоўская выступіла з заявай да 35-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце
27 ліпеня 1990 года ў Беларусі прынялі Дэкларацыю аб суверэнітэце. На 35 гадавіну падзеі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў.
Святлана Ціханоўская на Канферэнцыі Новай Беларусі 3 жніўня 2024 года. Фота: «Наша Ніва»
Ціханоўская адзначыла, што сёння, калі «краінай кіруе прарасійскі рэжым, а незалежнасць губляецца з кожным подпісам пад чарговай дамовай з Крамлём», гэта гістарычная падзея выглядае напамінам:
«Напамінам, што незалежнасць не падае з неба проста так і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць».
«Беларусь, падпарадкаваная знешняй волі — не тое, за што галасаваў Вярхоўны Савет у 1990-м. І не тое, што трэба краіне сёння. Законы ў краіне павінны стварацца ў інтарэсах грамадзянаў, а не інтарэсах аднаго чалавека ці чужой дзяржавы. А будучыню павінна вызначаць воля народа, а не пагадненні за зачыненымі дзвярыма ці кулуарныя дамовы.
Менавіта за такую, вольную Беларусь трэба змагацца далей. Суверэнітэт і яго захаванне — гэта не пара сказаў у архіўных дакументах, а нашая задача. І выкананне гэтай задачы залежыць ад кожнага і кожнай», — сказала Ціханоўская.