БЕЛ Ł РУС

У Беларусі сёлета няма чарніц. Калі летась нарыхтоўшчыкі прынялі дзясяткі тон ягад, то сёлета — нічога

27.07.2025 / 20:16

Nashaniva.com

Вясновыя замаразкі і працяглыя дажджы не пакінулі шанцаў лясной ягадзе. 

Чарніцы. Фота: Наша Ніва

Пра дэфіцыт чарніц гэтым летам піша выданне «Точка».

Як расказаў блогер-ягадашукальнік Аляксандр Свірко, вядомы ў TikTok пад нікам «Ягадны Барон», гэтае лета стала адным з самых складаных па ўраджаю чарніц. Збор пачаўся пазней, чым звычайна, і працягнецца зусім нядоўга.

Мужчына збірае ягады ўжо 19-ы год, займаецца гэтым з дзяцінства і адзначае, што прагнозы на сёлетняе лета несуцяшальныя.

@sanchella.svirko 24.07.2025✊Ягодки всё меньше и меньше..#рекомендации #беларусь #ягоды #черника #лес #природа #отдых #лето #наприроде ♬ оригинальный звук - ЯГОДНЫЙ БАРОН

«Чарніцы добра цвілі, але моцна пацярпелі ад замаразкаў, што цягнуліся тыдзень у маі. У выніку пра чарнічныя «дываны», якія былі некалькі гадоў таму, можна толькі марыць», — канстатуе ён.

Праз наступныя частыя дажджы ягады атрымаліся дробныя і вадзяністыя — «лопаюцца ў руках».

«Збіраць чарніцы даводзіцца ў зацішных месцах, на аддаленых палянах — літаральна па ягадцы», — скардзіцца Свірко.

Блогер таксама адзначае, што ў гэтым годзе не варта разлічваць і на доўгі сезон. Збор чарніц пачаўся пазней і працягнецца нядоўга. Калі раней іх можна было знаходзіць да верасня, то цяпер ужо ў жніўні лес можа апусцець.

«Максімум тыдзень-два — і чарніцы адыдуць. Зялёныя ягадкі трапляюцца — на іх застаецца невялікая надзея», — тлумачыць Аляксандр.

Ягаднік скардзіцца і на маліны — нават у сваіх «фірмовых» месцах знаходзіць толькі дробныя і чарвівыя.

Што кажуць кааператары

Пра дэфіцыт паведамляюць і нарыхтоўчыя пункты. Як паведаміў начальнік упраўлення прамысловасці, нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці Магілёўскага аблспажыўсаюза Арцём Прыжкоў,

сёлета насельніцтва чарніц пакуль увогуле не здавала.

Між тым у 2024 годзе да сярэдзіны ліпеня нарыхтоўшчыкі ўжо прынялі 32,5 тоны гэтых ягад.

Прычыны, паводле Прыжкова, тыя ж самыя: вясновыя замаразкі і працяглыя дажджы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула