БЕЛ Ł РУС

Навумчык пра незалежнасць Беларусі: Пуцін не здольны мабілізаваць ніводнага беларуса на вайну — нацыянальныя аўтаноміі Расіі не маюць і гэтага

27.07.2025 / 23:34

Nashaniva.com

Дэпутат Вярхоўнага Савета і журналіст Сяргей Навумчык у сваім фэйсбуку з нагоды гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце паразважаў пра тое, што засталося ад беларускай незалежнасці і чаму беларусам варта цаніць і тое, што яны маюць.

Гадавіна прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце аднавіла спрэчку, ці Беларусь пакуль яшчэ незалежная, ці ўсе здабыткі 1990-1991 гадоў знішчаныя і краіна цалкам пад кантролем Масквы.

Давайце абстрагуемся як ад эмацыйных, гэтак і прававых ды паліталагічных ацэнак і звернемся да галоўнага аргумента, пра які мы ў гарачыні палемікі часта забываемся. Маю на ўвазе тое галоўнае, што ёсць у чалавека — ягонае жыццё.

Вось проста жыццё, калі хочаце, банальнае фізічнае існаванне. Так, нельга забывацца пра нацыянальныя каштоўнасці, пра чалавечыя правы, пра свабоду, пра магчымасць выбіраць уладу, ды пра шмат што іншае. Але ўсё гэта губляе ўсялякі сэнс, калі чалавек губляе жыццё.

Ад пачатку 90-х беларусы не гінуць у складзе расійскага войска ў «зонах інтарэсаў» Масквы — ні ў Чачні, ні ў Сірыі, ні цяпер ва Украіне.

Пуцін не здольны, як бы ён таго ні жадаў, мабілізаваць хлопца з самай маленькай палескай вёскі на вайну, як ён можа элементарна зрабіць гэта з жыхаром маскоўскага Кутузаўскага ці піцерскага Неўскага праспектаў.

Не ўратоўваюць ад прызыву ўладальнікаў пашпарта з расійскім двухгаловым арлом і аўтаноміі (многія з якіх, нагадаю, у пачатку 90-х абвясцілі дзяржаўны суверэнітэт). Жыхары Бураціі, Карэліі, Комі, Мардовіі, Татарстана (які насельніцтвам значна большы за Малдову і амаль у палову Беларусі), ды іншых аўтаномных рэспублік і абласцей РФ могуць праз тыдзень апынуцца пад Пакроўскам, а яшчэ праз тыдзень — вярнуцца дадому ў труне.

Насельніцтву гэтых аўтаномій застаецца толькі марыць пра тую незалежнасць, якую (хай і ў абрэзаным па віне Лукашэнкі выглядзе) маем мы, беларусы.

І, на жаль, не заўсёды цэнім.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула