Кіберпартызаны і хакеры Silent Crow узламалі «Аэрафлот» і знішчылі яго ІТ-інфраструктуру. У расійскіх аэрапортах — хаос
Хакеры сцвярджаюць, што змаглі атрымаць кантроль над персанальнымі камп'ютарамі супрацоўнікаў, уключаючы вышэйшае кіраўніцтва.
У аэрапортах Расіі 28 ліпеня адмененыя дзясяткі рэйсаў. Фота: сацыяльныя сеткі
Хакерская група Silent Crow і беларускія Кіберпартызаны заявілі, што правялі працяглую і маштабную аперацыю, у выніку якой знішчылі ўнутраную IT-інфраструктуру расійскай авіякампаніі «Аэрафлот».
«На працягу года мы знаходзіліся ўнутры іх карпаратыўнай сеткі, метадычна развіваючы доступ, паглыбляючыся да самага ядра інфраструктуры», — гаворыцца ў заяве.
Хакерам удалося атрымаць і выгрузіць поўны масіў баз даных гісторыі пералётаў. А таксама скампраметаваць усе крытычныя карпаратыўныя сістэмы. Хакеры змаглі атрымаць кантроль над персанальнымі камп'ютарамі супрацоўнікаў, уключаючы вышэйшае кіраўніцтва.
Кібер-групы сцвярджаюць, што скапіяваны даныя з сервераў праслухоўкі, уключаючы аўдыязапісы тэлефонных размоў і перахопленыя камунікацыі. Выняты даныя з сістэм назірання і кантролю за персаналам.
Аднаўленне рэсурсаў будзе патрабаваць, магчыма, дзясяткі мільёнаў даляраў, адзначаюць хакеры.
Кібер-групы пішуць, што гэта атака — пасланне для ФСБ і іншых расійскіх служб, што яны не могуць абараніць нават свае ключавыя інфраструктуры.
«У бліжэйшы час пачнецца публікацыя часткі атрыманых даных. Мы не проста знішчылі інфраструктуру — мы пакінулі след.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!
Персанальныя звесткі ўсіх расейцаў, якія калі-небудзь ляталі «Аэрафлотам», цяпер таксама адправіліся ў падарожжа — праўда, без багажу і ў адзін канец», — сказана ў заяве.
Сёння паведамлялася, што «Аэрафлот» змяняе расклад рэйсаў у сувязі са збоем інфармацыйных сістэм авіякампаніі. На гэты момант адмененыя 49 рэйсаў, у тым ліку ў Беларусі. У расійскіх аэрапортах — хаос.