Сэрвіс, які дазваляе дзяўчатам абменьвацца звесткамі пра мужчын, стаў самым папулярным у ЗША. Але нешта пайшло не так
Tea — мабільная праграмка, створаная, каб жанчыны маглі папярэджваць адна адну пра неадэкватныя паводзіны мужчын, з якімі яны сустракаліся, стала першым па спампоўваннях з Apple Store у ЗША. А 25 ліпеня хакеры ўзламалі сэрвіс, зліўшы ў інтэрнэт каля 72 тысяч персанальных даных карыстальніц.
Калаж: Tea App / App Store
Праграмка Tea была створаная для таго, каб жанчыны маглі абмяркоўваць мужчын, дзяліцца досведам і правяраць сваіх патэнцыйных партнёраў.
Сэрвіс стаў самым папулярным у ЗША — яго спампоўвалі часцей за ChatGPT, Threads ці Google.
Акрамя саміх «плётак», жанчыны ў Tea могуць глядзець, ці мужчына быў раней асуджаны па артыкулах, звязаных з сэксуалізаваным гвалтам, ці з'яўляўся ён у базах такіх злачынцаў.
Хлопцаў можна пазначаць катэгорыямі «чырвоны сцяжок» (калі чалавек лічыцца небяспечным) ці «зялёны сцяжок» (калі нічога дрэннага за ім заўважана не было).
Інтэрфейс праграмы з персанальнымі звесткамі пра мужчын, іх характарыстыкай і адзнакамі ад карыстальніц. Крыніца: App Store
Стваральнікі верылі, што такім чынам удасца зрабіць рамантычныя зносіны больш бяспечным для жанчын.
Заснавальнік кампаніі Шон Кук (Sean Cook), казаў, што ідэя дадатку прыйшла да яго з асабістага досведу ў 2022 годзе. Праграміст бачыў, як яго маці, сама не ведаючы таго, хадзіла на спатканні з людзьмі, якія мелі крымінальнае мінулае, але хавалі яго за сваімі старонкамі ў сацсетках.
Важна, што ў ЗША ўжо была дагэтуль падобная сістэма з ацэнкай мужчын: для жанчын стваралі асобныя форумы на фэйсбуку, такія, як «Ці мы сустракаемся з адным і тым жа хлопцам?».
З ростам папулярнасці Tea яго пачалі крытыкаваць за ўварванне ў асабістае жыццё мужчын, сцвярджаючы, што сэрвіс проста ганьбіць іх.
Напрыклад, калумністка The Times пісала, што праграмка выйшла таксічная і несправядлівая.
«Праграмку апраўдваюць ідэяй празрыстасці: няма чаго хаваць, няма чаго баяцца. Але гэта проста самасуд, цалкам залежыць ад сумлення ананімных жанчын. Які мужчына адважыцца зноў сустракацца з жанчынай, калі будзе існаваць Tea?», — казала яна.
Ад саміх карыстальніц пры рэгістрацыі патрабуецца верыфікацыя — фота асабістага дакумента і сэлфі. Гэта было зроблена, каб у праграмцы не было фэйкавых старонак і доступ туды быў толькі для жанчын.
Тут і адбылася асноўная праблема. 25 ліпеня хакеры ўзламалі сэрвіс і злілі ў інтэрнэт каля 72 тысяч фотаздымкаў. Сярод іх — каля 13 тысяч фотаздымкаў персанальных дакументаў жанчын. Былі апублікаваныя не толькі іх фота і даныя, але і наўпрост карта з адрасамі, дзе яны жывуць.
Праз дзень кампанія выступіла з заявай, дзе прызнала ўцечку персанальных даных і запэўніла, што звярнулася да экспертаў па кібербяспецы, якія ліквідуюць праблему. Па іх словах, злітыя былі толькі звесткі пра тых, хто зарэгістраваўся ў Tea да лютага 2024 года.