Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку
Сяргей Ціханоўскі падзяліўся з «Нашай Нівай» планамі на будучыню і расказаў пра самае яркае ўражанне пасля сустрэчы з сям’ёй.
Фота: Офіс Ціханоўскай
Ціханоўскі тлумачыць, што яшчэ рана казаць пра нейкія вынікі яго працы — маўляў, пакуль ён яшчэ не адчуў глебу пад нагамі. Але да канферэнцыі «Новая Беларусь», запланаванай на 9 жніўня, Сяргей абяцае расказаць пра свае планы на бліжэйшы час.
Пакуль Ціханоўскі прысвячае шмат часу адпачынку:
«Аднаўляю здароўе — пачаў спортам займацца, паветрам дыхаць. Гэта вельмі яркія ўражанні і эмоцыі, калі ты бяжыш па беразе мора — напэўна, гэта самае яркае, што было ў мяне пасля сустрэчы з сям’ёй. У турме немагчыма было сабе такое ўявіць, гэта нешта неверагоднае».
Сяргей расказвае, што цяпер ён рыхтуецца да паездкі ў ЗША. Там будзе сустракацца з беларускай дыяспарай, але не толькі з ёй:
«Хачу сустрэцца з адміністрацыяй Трампа наконт вызвалення нашых палітвязняў. Маю свае прапановы, ведаю, што і яны працуюць над гэтым. Хачу данесці да іх гэтую інфармацыю пра палітвязняў. У першую чаргу мяне цікавяць беларусы, якія там жывуць, і вызваленне нашых палітвязняў.
Таксама там плануецца серыя інтэрв’ю, наколькі гэта будзе цікава амерыканскім СМІ. Я ж паўсюль дзякую Дональду Трампу, так што, можа, яму цікава будзе — я б з задавальненнем і асабіста яму падзякаваў бы. Калі будзе такая магчымасць, я б прыехаў і паціснуў яму руку».
У сваім выступе на мітынгу Сяргей таксама адзначыў, што беларусы выступаюць за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў межах 1991-га года, і ён сам заўжды за гэта выступаў:
«Крым — гэта Украіна і заўжды будзе толькі Украінай. Вільня — гэта Літва і заўжды будзе Літвой. А той, хто кажа адваротнае — гэта правакатар, здраднік і злачынец. Мы бясконца ўдзячныя літоўскаму народу за тое, што ён дапамагае беларусам, пакуль мы змагаемся з рэжымам Лукашэнкі.
Ніхто і ніколі не збіраўся ствараць ніякія астравы, ніякія асобныя правінцыі ў Літве. Гэта лухта і гэтага ніколі не будзе».