У Амурскай вобласці Расіі дзяўчына выпадкова выкінула $75 тысяч. Увішныя суседзі знайшлі на сметніку: частку прапілі, на рэшту купілі дом
У пачатку ліпеня ў Завіцінску ў Наталлі памёр бацька. Пасля пахавання яна прыехала ў яго дом і пачала прыбірацца: сабрала непатрэбныя рэчы і выкінула іх на звалку.
Завіцінск, Амурская вобласць. Фота: ampravda.ru
Паколькі раней бацька планаваў купіць дом у Падмаскоўі, каб жыць бліжэй да дачкі, Наталля вырашыла пашукаць адкладзеныя ім 6 мільёнаў расійскіх рублёў (75 тысяч даляраў). Але нідзе іх не знайшла — ні на рахунках, ні ў доме, піша Baza.
Паколькі Завіцінск — горад невялікі, чутка пра тое, што яе суседзі Наталля Б. і Эдуард К. знайшлі буйную суму грошай, разнеслася хутка. Дзяўчына прыйшла да іх пагаварыць, але тыя ўсё адмаўлялі і сцвярджалі, што ніякіх грошай не знаходзілі. Тады Наталля падала заяву ў паліцыю.
У ходзе расследавання высветлілася, што суседзі сапраўды сарвалі джэкпот: адкладзеныя мільёны ляжалі ва ўпакоўках з-пад мукі на звалцы. Наталля Б. сказала, што частку грошай прапіла і патраціла ў саўне, а астатняе — нібыта скралі нейкія падлеткі. Аднак пазней высветлілася, што жанчына паспела купіць сабе новы дом.