БЕЛ Ł РУС

Гомельскія міліцыянеры выпадкова дадалі «экстрэміста» ў свой унутраны чат — што ён там убачыў

29.07.2025 / 11:48

Nashaniva.com

Адзін з беларускіх актывістаў, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, распавёў «Флагштоку» аб незвычайным выпадку: яго выпадкова дадалі ў чат гомельскіх міліцыянтаў. Каля месяца ён чытаў перапіску сілавікоў і праглядаў унутраныя дакументы, якія выкладалі ў чаце.

Гэта закрыты чат у Viber, які мае назву «Саюз спецыялістаў». З перапіскі відаць, што ў групе складаюцца супрацоўнікі крымінальнага вышуку, якія не займаюцца палітычнымі справамі.

У чат выпадкова трапіў малады чалавек, які з-за палітычнага пераследу з’ехаў з Беларусі. З дапамогай Viber ён абзвоньваў беларускія аддзелы міліцыі, дзеючы як пранкер. У прыватнасці, у УУС Гомельскага аблвыканкама ён тэлефанаваў, каб паведаміць міліцыі пра залёты ў рэгіён расійскіх дронаў.

Затым адбылося нечаканае: Viber-акаўнт спачатку на кароткі час апынуўся ў групе «Шашлыкі». Потым — у чаце «Саюз спецыялістаў».

У перапісках міліцыянеры Гомельскай вобласці выкладалі не толькі матэрыялы пра крадзяжы, але і дакументы, якія датычацца справаздач па працы з «дармаедамі», пра «супрацьдзеянне экстрэмізму».

Такім чынам высветлілася, што нават супрацоўнікі крымінальнага вышуку вымушаныя займацца беспрацоўнымі, «незанятымі ў эканоміцы».

Супрацоўнікам нагадвалі, у які час трэба здаць справаздачы. Так, дзякуючы чату, «экстрэміст» азнаёміўся з унутранай кухняй міліцыі.

Паводле яго слоў, яго ўразіла тое, што многія сілавікі ў тэлефонных размовах праявілі сябе як «ватнікі» і «саўкі». У чаце некаторыя паставілі на аватаркі савецкую сімволіку.

Прыкладна праз месяц доступ да чату прапaў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула