Гарадзенца завочна асудзілі за «здраду дзяржаве»
У Гродзенскім абласным судзе 28 ліпеня абвясцілі завочны прысуд 39-гадоваму Андрэю Занеўскаму.
Яго абвінавацілі ў «выдачы замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь» (здрада дзяржаве), але сутнасць абвінавачвання невядомая, піша «Вясна».
На падставе ч. 1 арт. 356 КК гарадзенцу завочна прызначылі 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У «Белполе» «Вясне» распавялі, што Андрэй Занеўскі да 2018-га года працаваў у «Ваўкавыскай камунальнай гаспадарцы», а потым адкрыў сваё прадпрыемства
У гэтым жа годзе УКДБ па Гродзенскай вобласці завяло ў дачыненні да яго крымінальную справу паводле ч.1 арт. 375 КК (наўмыснае разгалошванне службовай таямніцы). Згодна версіі абвінавачвання, Занеўскі з лютага 2014 года па студзень 2015, знаходзячыся на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, наўмысна разгалосіў звесткі, якія складаюць службовую таямніцу. У 2019 годзе расследаванне было прыпыненае праз немагчымасць вытворчасці следчых дзеянняў.
Невядома, ці цяпер Андрэя Занеўскага асудзілі па перакваліфікаванай старой справе, ці па новай.
Агулам з 2020 года за «здраду дзяржаве» былі асуджаныя мінімум 108 чалавек.