БЕЛ Ł РУС

Офіс Ціханоўскай прапанаваў ЗША ідэю круглага стала з рэжымам Лукашэнкі. Але ёсць умовы

30.07.2025 / 15:8

Nashaniva.com

Офіс Святланы Ціханоўскай прадставіў амерыканскаму боку ідэю арганізацыі міжнароднага круглага стала для перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Мэта ініцыятывы — знайсці мірны выхад з працяглага палітычнага крызісу ў Беларусі. Пра гэта пасля візіту ў Вашынгтон расказаў «Люстэрку» Дзяніс Кучынскі, дыпламатычны дарадца лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл.

Дзяніс Кучынскі з намеснікам дарадцы прэзідэнта ЗША Эндзі Бэйкерам. Вашынгтон, 16 ліпеня 2025 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

«Пераломны момант для ўсёй Еўропы»

Паводле Дзяніса Кучынскага, ідэю круглага стала ён агучыў 16 ліпеня гэтага года падчас перамоваў у Вашынгтоне з намеснікам дарадцы прэзідэнта ЗША Эндзі Бэйкерам. Ён падкрэслівае высокі ўзровень сустрэчы: Бэйкер — адна з ключавых асоб у амерыканскай адміністрацыі і фактычна кіраўнік Рады нацыянальнай бяспекі. Таксама Кучынскі адзначае, што ў сітуацыі, калі «ўсе б’юцца ў дзверы Белага дома і гэтыя дзверы цяпер рэдка бываюць адчыненымі», наладзіць такі кантакт было «стратэгічным поспехам».

— Дасягненне нацыянальнага дыялогу, які прывёў бы да дэмакратызацыі Беларусі, можа стаць не толькі адным з гістарычных дасягненняў прэзідэнта Дональда Трампа, але таксама — у шырокім геапалітычным кантэксце — сапраўдным пераломным момантам для ўсёй Еўропы. Безумоўна, амерыканскі бок разглядае розныя магчымасці, у тым ліку і прапанаваную ідэю круглага стала, — тлумачыць дарадца Ціханоўскай.

Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што гатоўнасць да дыялогу з прадстаўнікамі рэжыму для спынення рэпрэсій, вызвалення палітвязняў і правядзення свабодных выбараў паслядоўна дэкларавалася дэмсіламі з 2020 года.

— Таксама нашая мэта — забяспечанне таго, каб Беларусь не была суагрэсарам у вайне супраць Украіны і захавала свой суверэнітэт, — заявіў Дзяніс Кучынскі.

Якія ўмовы прапануюць дэмсілы?

Кучынскі кажа, што Офіс Ціханоўскай настойвае на выкананні мінімальных умоваў для старту круглага стала.

— Сапраўдныя перамовы могуць быць пачатыя толькі пасля спынення рэпрэсій: спынення палітычна матываваных затрыманняў і судоў, свабоды для палітычных зняволеных, — адзначыў суразмоўца. — Вызваленне Сяргея Ціханоўскага можа быць пачаткам, аднак сістэмных зменаў з боку рэжыму мы пакуль не назіраем, рэпрэсіі працягваюцца.

Удзельнікаў перамоваў з боку дэмакратычных сіл мусіць вызначаць Святлана Ціханоўская, лічыць яе дарадца.

— Толькі ў яе ёсць мандат на гэтыя перамовы як у лідаркі, якая мае давер большасці беларусаў і міжнароднае прызнанне, — сцвярджае ён.

Дзяніс Кучынскі таксама падкрэсліў, што без удзелу Ціханоўскай, яе Офіса, Пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады і грамадзянскай супольнасці любы перамоўны фармат не будзе легітымным. На ягоную думку, гэта разумеюць як міжнародныя партнёры, так і рэжым у Мінску, які не зможа «размаўляць з Захадам за спінамі беларусаў».

У Офісе Ціханоўскай таксама перакананыя, што эфектыўны дыялог немагчымы без міжнароднага пасярэдніцтва. Са словаў дарадцы лідаркі дэмсіл, сігналы гатоўнасці да дыялогу перадаваліся прадстаўнікам Лукашэнкі — і асабіста, і публічна.

Ці пагодзіцца на перамовы Лукашэнка і калі яны могуць прайсці?

Дзяніс Кучынскі лічыць, што «ў сярэднетэрміновай перспектыве» такі круглы стол правесці цалкам рэальна. Ён упэўнены, што Лукашэнка можа быць зацікаўлены ў перамовах, нават не адчуваючы відавочнай пагрозы з боку дэмсілаў. Сярод магчымых прычын дарадца Ціханоўскай бачыць геапалітычную нестабільнасць праз вайну ва Украіне і фактар часу.

— Лукашэнка не маладзее, і ён, і ягонае атачэнне разумеюць, што пытанне транзіту ўлады — гэта толькі справа часу, — кажа ён. — Паводле нашай інфармацыі, унутры самога рэжыму ўжо абмяркоўваюцца розныя сцэнары — ад «дынастыйнага пераемніка» да стаўкі на лаялістаў або сілавы блок. Але яны не змогуць быць устойлівымі без рэальнага дыялогу з грамадствам і прызнання з боку дэмакратычнага свету. Я думаю, што ўсё больш чыноўнікаў унутры сістэмы гэта таксама разумее: без размовы з грамадствам і прымірэння доўгатэрміновай стабільнасці не будзе.

На думку Кучынскага, у гэтым кантэксце перамовы могуць стаць для Мінска «інструментам палітычнага разліку». У рамках дыялогу могуць абмяркоўвацца пытанні асабістай бяспекі Лукашэнкі, санкцый і выхаду з ізаляцыі. Аб’яднальная тэма для ўсіх бакоў, кажа дарадца, — захаванне суверэнітэту Беларусі.

— Рана ці позна перамовы стануць непазбежнымі. І лепш, калі гэта будзе дыялог беларусаў з беларусамі пры падтрымцы нашых заходніх партнёраў. Таму што альтэрнатывай могуць быць «перамовы» з Крамлём, і яны дакладна не пойдуць на карысць ні нашай незалежнасці, ні нацыянальным інтарэсам, — сказаў на заканчэнне Дзяніс Кучынскі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула