Даныя пакупнікоў упрыгожанняў Belaruskicry маглі трапіць у рукі сілавікоў. ГУБАЗіК пагражае крыміналкай за новыя заказы
Днямі брэнд упрыгожанняў быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
Самы вядомы кулон брэнду. Фота: Belaruskicry
Сёння праект Belaruskicry напісаў у сацсетках:
«У сувязі з апошнімі навінамі ў прызнанні Belaruskicry экстрэмісцкім фармаваннем у Беларусі, у нас няма ўпэўненасці, што даныя вашых мінулых замоў не трапілі ў іншыя рукі».
ГУБАЗіК у сваім неафіцыйным тэлеграм-канале прыгразіў, што за кожны новы заказ пасля надання статусу на пакупніка будзе заводзіцца крымінальная справа, па якой прадугледжаны тэрмін да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Брэнд упрыгожанняў стварыла беларуская дызайнерка, якая пасля пратэстаў 2020 года пераехала з Мінска ў Грузію.
Самым вядомым з упрыгожанняў стаў кулон «Беларусь са слязой», які носіць шмат людзей як у Беларусі, так і за мяжой.
Днямі КДБ прызнаў брэнд «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле ведамства, дачыненне да брэнду маюць Аляксандра Куркова, Марына Сергіеня, Ягор Бужылаў і Алена Куляшова.