«Таксіст меў рацыю». Маладыя прадпрымальнікі расказалі, што тармозіць іх невялікія бізнэсы
Devby.io пагутарыў з маладымі прадпрымальнікамі з Беларусі пра тое, што ім замінае — амаль усе ў першую чаргу кажуць пра падаткі.
Фота: Unsplash
Сяргей (гэта і наступныя імёны змененыя) займаецца рознічным гандлем у адным з абласных цэнтраў. Паводле яго слоў, працаваць яму перашкаджае «велізарная куча ўказаў, законаў, пастаноў, абмежаванняў, нюансаў», якія рэгулююць вядзенне бізнесу. Як іх правільна тлумачыць і выкарыстоўваць — «ніхто і нідзе не падкажа», затое заўсёды знойдзецца той, хто аштрафуе за парушэнні.
Максім, калега Сяргея па рознічным гандлі, называе самымі вялікімі праблемамі нізкую пакупніцкую здольнасць насельніцтва і «знакаміты ўказ аб цэнаўтварэнні».
А Алег, які займаецца продажам гародніны на рынку ў Ждановічах, наракае на павялічаныя паборы з боку міліцыянераў, якія «да 2020 года збіралі па 100 даляраў з кропкі», а цяпер нібыта збіраюць ужо па 300.
Прыкметнае месца сярод гэтых праблем займаюць падаткі і іншыя абавязковыя плацяжы, а таксама складанасці, звязаныя з правільным парадкам іх аплаты.
Аляксей працуе па найме ў адным з беларускіх банкаў. Яму «заўсёды хацелася зарабляць больш», і ён адкрыў маленькую прадуктовую студыю з трох распрацоўшчыкаў, тэсціроўшчыка і самога Аляксея ў ролі PM/PO.
Паводле слоў Аляксея, «на старце ўсё было добра», на прадукт студыі знайшліся замоўцы. Псуюць гэтую карціну «падаткі для ІП, якія вельмі кусаюцца». Але не толькі яны: «А з 2023 года яшчэ і ўнёскі ў ФСАН плаціць трэба, хоць у мяне і так ёсць працадаўца, які іх за мяне плаціць».
«Расслабіцца з такой працай не атрымаецца»: падвойны падатак і іншыя сюрпрызы з падатковай
Мінчанка Сафія займаецца рэпетытарствам: выкладае анлайн рускую мову іншаземцам і дзецям людзей, якія знаходзяцца ў эміграцыі. Рэпетытарствам яна пачала займацца яшчэ ва ўніверсітэце, ва ўзросце 20-21 года. Прыкладам для дзяўчыны стала маці, якая даўно працуе ў гэтай жа сферы:
— Досвед працы настаўнікам у школе ў мяне быў. На тры гады мяне хапіла, два з якіх — адпрацоўка. А потым прыняла рашэнне сыходзіць, пакуль не зацягнула гэта балота.
Сафія не скардзіцца на памеры падаткаў. Але аплата яе працы прыходзіць з-за мяжы. Гэта наклала глыбокі адбітак на ўзаемаадносіны анлайн-выкладчыцы з падатковай інспекцыяй.
— Люблю падатковую да глыбіні душы. Не дарма ў іх рэйтынгі на картах 1-2 балы. Атрымаць адэкватную кансультацыю ад прадстаўнікоў падатковай у мяне не атрымалася ні разу. Кожны раз пры зносінах з імі ствараецца адчуванне, што людзі не ведаюць, з чым яны працуюць і як усё функцыянуе.
Як гэта было ў мяне. Калі я вырашыла сыходзіць у анлайн-выкладанне, пачала з анлайн-школы. Я звярнулася ў падатковую за кансультацыяй, каб яны мне растлумачылі, які з варыянтаў аплаты падаткаў мне падыдзе. НПД [падатку на прафесійны даход] тады яшчэ не існавала, таму, як я думала, у мяне быў выбар быў паміж ІП і адзіным падаткам.
Сафія абмалявала ім сітуацыю: распавяла, што працуе рэпетытарам з дзецьмі ў анлайн-школе, якая зарэгістраваная ў іншай краіне. На гэта ёй сказалі, што яна можа плаціць адзіны падатак і ні пра што не турбавацца:
— Я так і рабіла амаль год. Пакуль у адну з паездак на таксі выпадкова не пагаварыла з кіроўцам. Той абмовіўся, што калі аплата паступае ад юрасобы з-за мяжы, нібыта трэба плаціць падатак на даход з-за мяжы (выплачваецца ён пасля заканчэння каляндарнага года і складае 13% ад атрыманай сумы).
У гэты момант я была ў моцнай разгубленасці! Бо мне ж прадстаўнікі падатковай сказалі, што я магу быць на адзіным падатку!
Вядома, я паехала ў падатковую разбірацца з гэтым пытаннем. Яшчэ раз абмалявала сітуацыю, і меркаванні супрацоўнікаў падзяліліся. З інспекцыі я выйшла ў поўным неразуменні, як мне працаваць. І вырашыла ўзяць платную кансультацыю. Вось на ёй мне і расказалі, што таксіст меў рацыю (дзякуй яму, што прасвятліў). І што адзіны падатак не падыходзіць для дадзенага віду працоўных узаемаадносін.
Але тады паўстала пытанне: як быць з грашыма, якія я плаціла як адзіны падатак увесь гэты час?
Я зноў прыехала ў падатковую, каб разабрацца ў гэтым пытанні. Стала ўдакладняць, ці магу я зрабіць нейкі ўзаемазалік, ці можна зрабіць так, каб падаткі, якія я ўжо выплаціла, пайшлі ў лік гэтага самага падатку на даход з-за мяжы? Бо ўвесь гэты час я плаціла не туды з-за іх некампетэнтнай кансультацыі. І мне сказалі, што так зрабіць нельга. Маўляў, вы ж не можаце даказаць, што вы не працавалі неяк па-іншаму. Хоць і яны не маглі даказаць адваротнага.
Атрымалася спрэчка атэіста з веруючым. У выніку атрымалася, што я аплаціла падаткі два разы, таму што іншых варыянтаў проста не было.
«У падатковую варта пісаць лісты»
Ах так, аднойчы мы разам з калегамі па анлайн-школе напісалі лісты ў падатковыя, каб нам растлумачылі, якую форму аплаты падаткаў мы можам выкарыстоўваць. Адказы з розных падатковых усе атрымалі розныя: камусьці сказалі, што падыдзе ІП, камусьці адзіны падатак, камусьці НПД.
У падатковую варта пісаць лісты. Так хоць нейкія пацверджанні будуць, што ты не выдумаў сабе, як працаваць (хоць гэтыя паперкі не моцна абароняць).
А таксама ёсць тэлефонны нумар #189. Гэта платны кантактны цэнтр падатковай, дзе тэлефонныя звароты запісваюцца (я сабе яшчэ ў нататках дублявала дату і час, калі звярталася). Так хаця б будуць бясспрэчныя доказы тваіх зваротаў. На вусныя ж парады ад падатковай не варта разлічваць ад слова зусім.
«Вельмі хацелася б, каб людзям не перашкаджалі працаваць»
Гэта не ўсе сюрпрызы ад падатковай, пра якія ўзгадвае Сафія. Аказваецца, працуючы ў Беларусі і выплачваючы падаткі, цалкам можна аказацца «дармаедам»:
— З «пацешнага»: калі плаціш падатак на даход з-за мяжы, ты яшчэ і лічышся незадзейнічаным у эканоміцы дзяржавы грамадзянінам. І табе можа прыйсці «ліст шчасця» ў выглядзе «падатку на дармаедства» плюс усё належнае.
Вельмі хацелася б, каб людзям не перашкаджалі працаваць. Таму што ў апошнія гады праца ператварылася ў пастаяннае латанне дзір: вывучэнне падаткаў, з’яўленне розных абмежаванняў па працы, пошукі варыянтаў для атрымання аплаты з-за мяжы. Так, нядаўна з’явіўся НПД, таму стала крыху прасцей. Але дапаўненні да яго часта абсурдныя. Напрыклад, нядаўняе абмеркаванне аб забароне выкарыстання замежных платформаў для навучання кшталту Zoom і Google Meet. Або абмежаванні для працы з дарослымі, якія не атрымліваюць у дадзены момант ніякай адукацыі.
Расслабіцца з такой працай не атрымаецца. Заўсёды трэба трымаць руку на пульсе.