БЕЛ Ł РУС

Колькі каштуе прабіць кола ў Барселоне: дарагі досвед чэмпіёнкі свету па бегу Марыны Арзамасавай

31.07.2025 / 16:33

Nashaniva.com

Вядомая беларуская бягуха Марына Арзамасава цяпер адпачывае з сям’ёй у Іспаніі — вандруе на машыне па Еўропе. Яна заляцела на буйную суму праз тое, што прабіла кола ў Барселоне.

Марына Арзамасава. Тут і далей фота з яе інстаграма

У цэнтры горада машына наехала на нейкую галінку і прабіла кола.

— Адразу побач з’явіўся чалавек на мапедзе, каб дапамагчы. Прасіў адкрыць багажнік, каб дзеці выйшлі. Увесь такі паслужлівы, — апісвае ў інстаграме Марына.

Але нечаканы добразычлівец не выклікаў даверу, таму сям’я ад дапамогі адмовілася.

Па словах бягухі, яны звярнуліся ў першы ж выязны сэрвіс, які прапанаваў гугл. Там з ёй ветліва размаўлялі на англійскай мове, але прысланы прайс на паслугі (выезд на месца здарэння, працу і новае кола), мякка кажучы, не парадаваў — 755 еўра. Ехаць прадстаўнікам сэрвісу да месца здарэння было ўсяго каля 2 кіламетраў.

Тады Марына вырашыла самастойна абысці ўсе аўтасэрвісы і шынамантажкі ў горадзе. На дзіва, у цэнтра Барселоны іх аказалася шмат — размаўлялі ў асноўным усюды на іспанскай.

Спартоўка сутыкнулася з іспанскім менталітэтам. Яна звярталася па дапамогу ў 12.30, а праз гадзіну (у 13.30) усюды пачыналася сіеста ажно да 15.30. І таму ўсюды ёй прапаноўвалі вярнуцца ўжо а палове чацвёртай.

— А я такая: «У вас яшчэ гадзіна, можна ж папрацаваць». У выніку цудоўны малады чалавек пасля сіесты схадзіў са мной да машыны (4 кварталы), знайшоў парэз, стэлефанаваўся са сваім босам і дамовіўся. Потым сышоў, прыехаў на машыне, зняў кола, з'ехаў і зноў прыехаў з падменным (не нашага памеру, але хаця б можна ехаць).

За ўсё хлопец, які добра размаўляў на англійскай, узяў усяго 50 еўра. Але гісторыя не скончылася.

Рызыкаваць і ехаць на коле не свайго памеру 3100 кіламетраў — страшна. Таму неабходна набываць усё ж падыходзячае ў Іспаніі — а тут іх прадаюць толькі парамі. У выніку па падліках спартоўкі прыйдзецца яшчэ заплаціць каля 500 еўра.

Але Марына да непрыемнасцяў ставіцца з гумарам.

— Заўтра ў Іллі (муж Марыны. — НН) дзень нараджэння, і ён на пытанне, што ты хочаш, адказваў: «Новую пару карбонавых колаў». На ровар, мелася на ўвазе. І я кажу: «Бойся сваіх жаданняў! І гэтыя новыя шыны будуць табе падарункам на дзень нараджэння».

Спартоўка рэзюмуе: сітуацыя непрыемная, але гэта новы цікавы досвед.

Нагадаем: летась у Марыны Арзамасавай у сям'і адбылося гора. У яе 14-гадовай дачкі знайшлі сіндром Гіена-Барэ. Гэта цяжкае аўтаімуннае захворванне, якое прагрэсіруе з касмічнай хуткасцю, пры ім паражаюцца ўчасткі перыферычынай нервовай сістэмы. У выніку дзяўчынка за лічаныя дні страціла магчымасць рухацца. Сям'я шмат намаганняў прыклала для рэабілітацыі — дзяўчынку прыйшлося вучыць зноў нават сядзець і хадзіць. Саша ўжо вярнулася да вучобы і сёлета скончыла 9 клас.

Чытайце таксама:

Домрачава і Скардзіна далучыліся да чэленджу, каб сабраць грошы на рэабілітацыю дачкі Арзамасавай

Спартоўка Марына Арзамасава кінула трэнерскую працу, каб ратаваць дачку з цяжкім аўтаімунным захворваннем

Чэмпіёнка свету па лёгкай атлетыцы Марына Арзамасава пазбавілася працы з-за сваёй пазіцыі

Каментары да артыкула