БЕЛ Ł РУС

Украінскія беспілотнікі ўдарылі па вайсковым заводзе ў Пензе

31.07.2025 / 16:1

Nashaniva.com

Пра атаку ўкраінскіх беспілотнікаў на адно з прадпрыемстваў у Пензе паведаміў губернатар Пензенскай вобласці Алег Мельнічэнка. На тэрыторыі вытворцы радыёэлектронікі ўзарвалася 9 дронаў, прызнаў ён.

«Сёння раніцай была здзейсненая атака беспілотнікаў на адно з прадпрыемстваў у Заводскім раёне горада Пензы. Дзевяць беспілотных лятаючых апаратаў выбухнулі на тэрыторыі прадпрыемства», — сказаў Алег Мельнічэнка ў відэазвароце.

Падчас атакі быў пашкоджаны фасад аднаго з цэхаў, а таксама адбылося ўзгаранне складскога памяшкання, дадаў чыноўнік. Паводле яго слоў, з супрацоўнікаў ніхто не пацярпеў.

У Пензе паветраная небяспека з-за атакі дронаў аб'яўлялася, як сцвярджаецца, упершыню.

У сваю чаргу, кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка заявіў, што цэллю для атакі дронаў быў Пензенскі радыёзавод, які працуе на вайскова-прамысловы комплекс РФ і спецыялізуецца на вытворчасці сістэм кіравання войскамі і зброяй. «Важнае прадпрыемства ВПК РФ», — падкрэсліў Каваленка.

Атакаванае прадпрыемства ўваходзіць у прыналежную да «Растэха» «Аб'яднаную прыборабудаўнічую карпарацыю» і знаходзіцца ў санкцыйных спісах Еўрасаюза, ЗША і Канады.

«Радыёзавод у Пензе стукнуўся пад раніцу аб дроны. Па сведчаннях мясцовых жыхароў, ноч прайшла ярка, з агеньчыкам. У раёне завода чуліся выбухі, узнік пажар», — напісаў тэлеграм-канал «Крымский ветер», апублікаваўшы сабраныя ім фотаздымкі і відэазапісы здарэння.

Чытайце таксама:

Некалькі расійскіх дронаў праляцелі вечарам над Гомельскай вобласцю

Дачка Келага пра абстрэл Кіева: Гэта адказ Пуціна на дэдлайн Трампа

Некалькі сведкаў кажуць, што беспілотнікаў на Мінск ляцела два

Каментары да артыкула