БЕЛ Ł РУС

Выйшаў на свабоду медыяменеджар і былы футбаліст Сяргей Капанец

1.08.2025 / 8:34

Nashaniva.com

Ён правёў за кратамі амаль пяць гадоў, апошнія гады — у турэмных умовах.

Сяргей Капанец

Палітвязень Сяргей Капанец цалкам адбыў прызначае пакаранне — 5,5 года зняволення. Пра сваё вяртанне ён паведаміў у сацсетках.

Сяргей Капанец быў членам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы ў Першамайскім раёне Мінска. Мужчына быў арыштаваны 11 жніўня 2020 года, яму інкрымінавалі ўдзел у пратэстах і «арганізацыю беспарадкаў». Капанца палічылі адным з лідараў пратэснага руху Уручча.

Яго абвінавачвалі ў тым, што дапамагаў Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у «арганізацыі масавых беспарадкаў», што выявілася ў перадачы інфармацыі ў бот Нехты, а таксама ў распаўсюджванні ўлётак, перададзеных яму Юрыем Васкрасенскім. Капанец не прызнаў віну.

Суддзя Вікторыя Шабуня пакарала яго пяццю з паловай гадамі калоніі. Капанец трапіў у наваполацкай калоніі №1, адміністрацыя якой на канец студзеня 2023 года змяшчала Сяргея ў ШІЗА агулам на 150 сутак.

Летам 2023 года Капанца перавялі на турэмны рэжым да канца тэрміну. Ён вызваляўся з турмы №4 Магілёва.

Сяргею Капанцу 50 гадоў. Ён былы прафесійны футбаліст. У 1997-1998 гадах ён правёў 36 матчаў у Вышэйшай лізе, гуляў за «Маладзечна» і слонімскі «Камунальнік». Пасля сканчэння кар’еры пайшоў у медыябізнэс. Працаваў камерцыйным дырэктарам «Альфа-Радыё». Пасля быў дырэктарам рэкламнага агенцтва «Прайм медыя груп», галоўным рэдактарам тэлеканала TV RAY.

Сяргей Капанец да арышту

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула