Пуцін заявіў Лукашэнку, што ва Украіне Расія не захоплівае тэрыторыі, а вяртае свае. Той засмяяўся
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам на Валааме зноў заявіў, што Расія, маўляў, не захоплівае ўкраінскія тэрыторыі, а толькі вяртае тое, што лічыць сваім.
Фота: Gavriil Grigorov Sputnik Kremlin Pool Photo via AP
Пуцін пракаментаваў сітуацыю вакол горада Часаў Яр у Данецкай вобласці, пра захоп якога нядаўна абвясціла расійскае Мінбароны.
Падчас размовы Лукашэнка адзначыў, што Украіне трэба садзіцца за стол перамоваў на ўмовах Пуціна, інакш расійскія войскі, маўляў, «усё адгрызуць, захопяць і пойдуць далей, адваююць». Пуцін паспяшаўся паправіць Лукашэнку, што пра захоп нібыта гаворкі не ідзе: «Вернуць, — сказаў ён. — Гэта — наша».
У чэрвені Пуцін ужо заяўляў у Санкт-Пецярбургу, што лічыць Украіну «нашай», бо расіяне і ўкраінцы нібыта «адзін народ», а Расія — там, дзе ступае нага расійскага салдата.
Гэтым разам Пуцін зноў падкрэсліў, што лічыць украінцаў і расіян «адным народам» і таму нібыта мае права на гэтыя землі. Таксама Пуцін паведаміў, што расійская армія, маўляў, наступае па ўсім фронце — у прыгранічнай зоне і ў Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцях.
Што тычыцца расійскіх страт, то расійскі кіраўнік заявіў, што яны, маўляў, не былі марнымі — загінулыя вайскоўцы нібыта стварылі ўмовы для наступлення і перамогі.
Чытайце таксама:
Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ
Пуцін заявіў аб серыйнай вытворчасці «Арэшніка»
Лукашэнка вучыў Зяленскага: «Я хачу сустрэцца з Пуціным» — ну што ты крычыш пра гэта?»
Лукашэнка: Паставіць на калені Беларусь і Расію нікому не ўдасца