Зяленскі прапанаваў Пуціну перайсці «да ўзроўню размовы лідараў»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля таго, як прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам на Валааме станоўча ацаніў вынікі папярэдніх расійска-ўкраінскіх перамоў у Стамбуле, прапанаваў яму ісці далей і правесці сустрэчу на найвышэйшым узроўні.
Уладзімір Зяленскі. Фота: Jonathan Raa NurPhoto via Getty Images
Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам на Валааме заявіў, што «ў цэлым станоўча» ацэньвае перамовы з Украінай у Стамбуле.
«Як можна не станоўча ацэньваць тое, што сотні людзей вярнуліся на радзіму. Мы з гуманітарных меркаванняў перадалі тысячы цел загінулых украінскіх салдат, атрымалі ў адказ некалькі дзясяткаў нашых», — сказаў Пуцін. Як ён сцвярджае, расчараванні ў перамовах «узнікаюць ад залішніх чаканняў».
Уладзімір Зяленскі ў адказ на гэта напісаў у сваім тэлеграм-канале:
«Мы бачым і падтрымліваем намаганні прэзідэнта Трампа па заканчэнні расійскай вайны, усім забойствам і дасягненню годнага і трывалага міру. Мы ўдзячныя ўсім у свеце, хто падтрымлівае працу дзеля міру і дапамагае нам абараняць жыццё.
Мы чуем заявы з Расіі, і калі гэта сігнал пра іх сур'ёзную гатоўнасць скончыць вайну годна і ўсталяваць сапраўды працяглы мір, а не проста спробы выйграць яшчэ час для вайны і адтэрміноўку санкцый, то Украіна яшчэ раз пацвярджае сваю гатоўнасць да сустрэчы на ўзроўні лідараў у любы час.
Мы разумеем, хто прымае рашэнні ў Расіі і хто павінен скончыць гэтую вайну. Увесь свет гэта таксама разумее. Украіна прапануе перайсці ад абмену заявамі і сустрэч на тэхнічным узроўні да ўзроўню размовы лідараў. Амерыка гэта прапаноўвала. Украіна гэта падтрымлівала. Патрэбна гатоўнасць Расіі».
Чытайце таксама:
Пуцін заявіў Лукашэнку, што ва Украіне Расія не захоплівае тэрыторыі, а вяртае свае. Той засмяяўся
Пуцін заявіў аб серыйнай вытворчасці «Арэшніка»
Лукашэнка вучыў Зяленскага: «Я хачу сустрэцца з Пуціным» — ну што ты крычыш пра гэта?»