БЕЛ Ł РУС

Дадаў цыянід у пратэінавы напой. Стаматолаг атруціў жонку, а затым спрабаваў забіць следчага

2.08.2025 / 7:46

Nashaniva.com

Амерыканскага стаматолага, які атруціў сваю жонку, прысудзілі да пажыццёвага зняволення без права на датэрміновае вызваленне. Суд прысяжных у Каларада прызнаў яго вінаватым у забойстве і іншых абвінавачваннях, паведамляе Бі-бі-сі.

Скрыншот відэа Fox News

У 47-гадовага Джэймса Крэйга быў раман на баку, калі ён планаваў забіць жонку Анжэлу Крэйг у сакавіку 2023 года.

Ён дадаў у пратэінавы кактэйль жонкі смяротную дозу цыяніду, паведамілі пракуроры.

Пракуроры таксама сцвярджалі падчас двухтыднёвага судовага разбору, што мужчына не быў шчаслівы ў шлюбе, але з-за фінансавых праблем не хацеў разводу.

Адвакаты абароны сцвярджалі, што Анжэла Крэйг, якой тады было 43 гады, скончыла жыццё самагубствам, бо была разбіта горам з-за «пастаянных» здрад свайго мужа. Аднак коранер акругі Арапаха выявіў, што яна памерла, атруціўшыся цыянідам і тэтрагідразалінам — хімічным рэчывам, якое выкарыстоўваецца ў кроплях для вачэй.

Доказы паказалі, што Джэймс Крэйг рабіў запыты ў інтэрнэце — «колькі грамаў чыстага мыш'яку заб'е чалавека» і «ці можна выявіць мыш'як падчас ускрыцця?»

Ён замовіў дастаўку цыяніду калію ў сваю стаматалагічную клініку. Праз два дні Анжэла Крэйг выпіла пратэінавы кактэйль, ад якога ў яе закружылася галава і яна адчула слабасць, жанчыну шпіталізавалі ў бальніцу ў прыгарадзе Дэнвера.

На відэазапісе з камеры назірання відаць, як стаматолаг трымае шпрыц перад тым як зайсці ў бальнічную палату сваёй жонкі. Яе стан хутка пагоршыўся, а праз некалькі дзён дактары канстатавалі смерць мозгу.

У сераду прысяжныя прызналі Крэйга вінаватым у забойстве першай ступені, а таксама па іншых абвінавачваннях, уключаючы падбухторванне да забойства. Крэйг спрабаваў прымусіць іншага зняволенага забіць дэтэктыва, які працаваў над гэтай справай.

Адна з шасці дзяцей мужа і жонкі выступіла з заявай, як на яе паўплывала забойства маці.

«Я павінна была давяраць свайму бацьку, — сказала Мірыям Мезерві, паведамляюць амерыканскія СМІ. — Ён павінен быў быць маім героем, а замест гэтага ён назаўжды застанецца злыднем у маіх успамінах».

Акруговы суддзя акругі Арапаха Шэй Уітакер прысудзіў Крэйга да пажыццёвага зняволення без права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне па абвінавачванні ў забойстве, а таксама да 33 гадоў турэмнага зняволення па дадатковых пунктах.

«Анжэлу атруціў яе муж, выклікаўшы павольную смерць», — сказала акруговы пракурор Эмі Падэн журналістам на прэс-канферэнцыі пасля вынясення прысуду.

«Ён зрабіў гэта не ў запале, а стрымана і наўмысна».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула