«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў
«Гэта было шакуючае відовішча».
Сяргей Ціханоўскі пасля вызвалення. Скрыншот відэа: Офіс Ціханоўскай
«Я падумала: каб я цяпер ішла недзе міма яго цяперашняга, я б яго проста не пазнала. Я проста ведала, што ён будзе выходзіць з гэтага мікрааўтобуса. Я ведала, што гэта ён. І вядома, ты ў той момант хаваеш той жах, ад таго, што ты бачыш, бо гэта шкілет са скурай», —
прызналася Святлана Ціханоўская ў новым выпуску шоу «Жыццё-маліна».
Па яе словах, нягледзячы на тое, што яна бачыла Сяргея на кароткіх відэа з турмы, што распаўсюджвала прапаганда, «усё роўна гэта было шакуючае відовішча».
«Цяпер, зразумела, я яго адкормліваю. Мышцаў няма зусім. Я знаю Ціханоўскага з такімі класнымі нагамі…. А цяпер цяжка гэта назіраць. Але ты разумееш, што гэта ўсё можна выраўняць. Галоўнае, што ён псіхалагічна і маральна застаўся тым жа Сяргеем».
Святлана расказвае, што яе муж не хоча папраўляцца, бо «яму падабаецца, як ён выглядае ў касцюме»: «Стройны, але мы разумеем, што гэта не здаровая худзізна. І зразумела, неабходна правільна харчавацца, каб атрымаць усе неабходныя вітаміны, той бялок, які патрэбны».
Святлана Ціханоўская. Скрын відэа: malina_by / YouTube
Ціханоўская сцвярджае, што Сяргей сочыць за сваім харчаваннем, «не кінуў сябе ў гастранамічны тур. У яго вылічаны КБТУ (калорыі, бялкі, тлушчы, вугляводы — НН) у яго харчаванні».
«З прагматычнага пункту гледжання, я хачу, каб ён такім застаўся. Таму што набыты касцюмы! І не вельмі хацелася б потым кожны раз набываць нешта новае», —
з жартам кажа Святлана і расказвае, што адразу пасля сустрэчы з усімі вызваленымі палітвязнямі, яна з Сяргеем паехала ў краму, «бо ён хацеў адразу пазбавіцца ад турэмнага адзення».
«Ён проста ў прымерачнай пераапрануўся. І мы адзенне тое адразу выкінулі».
Чытайце таксама:
Ціханоўская расказала, што займаецца боксам
Ціханоўская: Прашу не крыўдзіцца, калі Сяргей выступае з нейкімі рэзкімі заявамі