Фанат Лукашэнкі, які працаваў у газеце «Камуніст Беларусі» і спрабаваў стаць донарам спермы, пайшоў у таксісты
Камуніст і ютуб-блогер Жан Содзель у працэсе пошуку працы хваліўся, што яму прапанавалі на выбар адразу чатыры цёпленькія месцы: дырэктара тэлеканала, вядучага навін на радыёстанцыі, супрацоўніка IT-кампаніі ці інфармацыйнага агенцтва. Але рэальнасць аказалася іншай.
Але праз пару дзён Содзель ужо дзяліўся ўражаннямі ад развозу кліентаў у «Яндэкс.Таксі».
«Я ўцягнуўся ў таксі. Гэта проста новае жыццё — так цікава! Эканом не ваджу, фота машынкі прымацоўваю. Кліенты такія цікавыя людзі! Кожны эксперт у розных кірунках. Некаторыя пазнаюць мяне, маўляў, брэнд Жан Содзель раней чулі, а цяпер едуць разам са мной», — падзяліўся новаспечаны таксіст у сацсетках.
Сярод тых самых цікавых кліентаў Содзель згадаў, напрыклад, паляўнічага, які распавёў, што ў баброў смачны хвост (асабліва калі ён вэнджаны). Распавёў, як падкідваў мужчыну да былой жонкі, з якой яны разышліся два гады таму, але тут вырашылі спаткацца, бо жанчына а другой ночы напісала яму, што сумуе.
«Жонка сустрэла ў спаднічцы, худзенькая красуня. Былы муж прапанаваў мне застацца з імі ўтрох, кінуць таксі, бо ў руках у шчаслівага пасажыра было дзве бутэлькі шампанскага».
Яшчэ Содзель расказаў, як падвозіў дзяўчыну, што здымае ў Мінску кватэру за 800 даляраў, жывучы за кошт «дубайскіх таткаў». Паспеў у сваім аўто ён сустрэць і міліцыянера ў форме, і беларуса пасля лазернай карэкцыі зроку, і хлопцаў, што чыталі рэп. Самая папулярная кропка на мінскай карце для выклікаў, па назіранні таксіста — гэта чыгуначны вакзал.
У мінулым Содзель працаваў на «Рускім радыё», на АНТ, у партыйнай газеце «Камуніст Беларусі» і на станцыі «Бі-Эй». Спрабаваў быць вядучым карпаратываў і вяселляў, а пасля завёў ютуб-канал з пераказваннем навін і плётак рускага шоу-бізнэсу. Праўда, пасля ўвядзення санкцый на манетызацыю справы пайшлі дрэнна, Rutube жа таксама не даваў зарабляць па прычыне беларускага грамадзянства. Менавіта таму Содзель кінуўся на пошукі новых падпрацовак — нейкі час ён нават спрабаваў стаць донарам спермы, але і тут не фартанула.
У каментарах аўтарскага тэлеграм-канала ён тлумачыць падпісантам, што выбраў таксі, таму што «там больш грошай».
«У таксі і грошай больш, і мозг ніхто не выносіць, і машына каля хаты (нікуды ехаць не трэба), і працую калі хачу. Эканом я не ваджу, кліенты дарагія».
Праўда, не ўсе ў гэта вераць: «Думаю, Жан нахлусіў наконт кучы прапаноў. Гэтак жа, як хлусіў, што ў яго нібыта няма адбою ад дзяўчат, а ў выніку некалькі разоў безвынікова шукаў другую палову праз інтэрнэт, спамячы аб’явамі «Шукаю жонку», — выказала здагадку адна з яго знаёмых.
Чытайце таксама:
Як Азаронак стаў такім? Новыя факты з біяграфіі самага адданага Лукашэнку прапагандыста