«Мы сустрэлі захад, мы сустрэлі світанак». Жанчына расказала, колькі гадзін стаяла ў чарзе, каб выехаць з Беларусі ў Літву
Тыктокерка Эдыта Іванаўна — літоўка, якая шмат гадоў пражыла ў Вялікабрытаніі, а цяпер будуе дом у Беларусі. Таму часта ездзіць праз беларуска-літоўскую мяжу.
Эдыта Іванаўна. Скрыншот відэа ў тыктоку
4 жніўня Эдыта Іванаўна чарговы раз вярталася на тэрыторыю Літвы з Беларусі — праз пункт пропуску «Каменны Лог». Яна расказала, што аўтобус прыехаў на мяжу згодна з раскладам у 17:40, але чарга была вялікай. Жанчына налічыла 16 аўтобусаў.
— Жнівень, час адпачынкаў. Калі вы перасякаеце мяжу з беларускага боку, вазьміце шмат ежы, вады і як мінімум суткі запасу да вашага палёту, пераезду. У аўтобусе шмат людзей, якія панікуюць. І гэта калектыўнае бессэнсоўнае пачынае ўздзейнічаць нават на мяне.
Тыктокерка таксама адзначыла, што сесці на спадарожную машыну шанцаў вельмі мала, бо іх на мяжы амаль што няма. У выніку яна дамовілася перасесці ў пяты ў чарзе аўтобус (бо месцы ў першых чатырох ужо занялі людзі з 15-16-га аўтобусаў). Дарэчы, у каментарыях людзі дзяліліся сваім досведам, колькі каштуе такая паслуга: пісалі цэны ад 30 да 100 еўра за пасажыра.
— Аўтобус праходзіць мяжу прыкладна гадзіну. То-бок, калі б у нас быў 15-ы аўтобус, мы б прайшлі мяжу праз 15 гадзін.
У Вільні Эдыта Іванаўна запісала відэа а 6-й раніцы — кажа, што перасячэнне мяжы ў выніку заняло каля 12 гадзін.
Чытайце таксама:
Больш за 50 еўра за 180 км дарогі. Чаму растуць цэны на аўтобусныя квіткі з Менску ў Вільню
Польскія памежнікі зноў прымаюць аўтобусы з Беларусі
Блогерка паказала спосаб, як даехаць з Мінска ў Варшаву і не стаяць у чарзе на мяжы
Як цяпер праходзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС і каго на іх выклікаюць