БЕЛ Ł РУС

«Увесь час паўтараў слова «Валынь». У Польшчы жорстка збілі сямейную пару з Беларусі

6.08.2025 / 7:34

Nashaniva.com

У Гданьску жорстка збілі сямейную пару з Беларусі. У мужчыны-пералом вачніцы, траўмы галавы і грудной клеткі. Цяпер ён праходзіць абследаванне, пасля чаго муж і жонка плануюць падаць заяву ў паліцыю. А пакуль у чатах беларускай дыяспары ў Польшчы шукаюць сведак таго, што адбылося.

Паведамляецца, што нападнікаў было пяцёра, у тым ліку адна жанчына. Most звязаўся з пацярпелай беларускай Марыяй (імя зменена) і выслухаў яе гісторыю.

Марыя падрабязна апісвае тры інцыдэнты таго вечара, але не сцвярджае, што яны і іх удзельнікі звязаныя паміж сабой. Яна ўпэўненая, што напад адбыўся на глебе ксенафобіі, а прычынай стала руская гаворка. Most пераказвае гэтую гісторыю з яе слоў.

«Увесь час паўтараў слова «Валынь»

Усё адбылося ў ноч на 3 жніўня. Марыя разам з мужам і яшчэ адной парай з Беларусі гулялі недалёка ад набярэжнай. Непадалёк стаяла невысокая металічная будка, на даху якой знаходзіўся мужчына. Ён жэстам спытаў у кампаніі, ці няма ў іх запальнічкі, пасля чаго саскочыў з будкі і нечакана прапанаваў ім «траўку».

Маладыя людзі адмовіліся. Размова адбывалася на польскай мове, аднак незнаёмец улавіў акцэнт і спытаў, ці не ўкраінцы яны.

— Мы сказалі, што з Беларусі, і пацікавіліся, чаму ён настроены супраць украінцаў. Ён пачаў нешта казаць, пастаянна паўтараючы слова «Валынь». Потым размова спынілася, мы спакойна разышліся і пайшлі далей, — успамінае Марыя.

Душыў так, што засталіся сінякі ад ланцужка

Пазней беларусы вырашылі зайсці ў адну з устаноў побач з набярэжнай, каб замовіць па шоце. У нейкі момант муж Марыі зразумеў, што згубіў партманэ. Жанчына падышла да супрацоўнікаў установы і папрасіла паглядзець камеры відэаназірання, каб высветліць, дзе і калі ён мог яго выпусціць.

— Мне адказалі, што ўстанова зачыняецца, і прапанавалі прыйсці заўтра. Я патлумачыла, што гэта зойме ўсяго пару хвілін і няма сэнсу цягнуць да наступнага дня. Размова перайшла на павышаныя тоны. У нейкі момант да мяне падышоў чалавек — магчыма, ахоўнік — і пачаў душыць. У мяне на шыі было два ланцужкі, яны скруціліся паміж сабой. Потым я ўбачыла, што на шыі засталіся сінякі, — кажа Марыя.

На дапамогу падбегла сяброўка, якая паспрабавала адцягнуць мужчыну. У гэты ж час у вочы яе спадарожніку пырснулі з газавага балончыка.

«Мужу крыкнулі: Sp***dalaj!»

— Мы пайшлі на трамвайны прыпынак. Там стаяла кампанія людзей. Сярод іх была дзяўчына-бландынка. Яна нешта сказала ў наш адрас. Мы, натуральна, адказалі.

Марыя не памятае, што менавіта сказала незнаёмка. Але думае, што гэта таксама была рэакцыя на іх рускую мову.

— І тут да мяне падыходзіць мужчына і рэзка хапае за вушы — цягне так, што я амаль нічога не чула. У гэты момант хтосьці з іх крыкнуў майму мужу: «Sp***dalaj!» Ён адказаў тым жа — і пачалася бойка.

Па словах Марыі, яе мужа павалілі на зямлю і пачалі збіваць. На целе засталіся сляды ад падэшваў. Яе саму ўдарылі кулаком у вока, білі ў жывот, кідалі на зямлю. Пасля гэтага зноў ўжылі газ.

— Калі я закрычала, што мы не ўкраінцы, яны спыніліся, — успамінае Марыя.

Пералом косткі ніжняй часткі вачніцы, траўма галавы і грудной клеткі

Суразмоўніца сцвярджае, што пасля таго, што адбылося, яны нічога не бачылі, страцілі адзін аднаго з-пад увагі і разбрыліся хто куды.

— Я проста ішла на святло — вочы расплюшчыць не магла. Ледзь дайшла да наступнага прыпынку, дзе сядзела пара. Яны падышлі да мяне і спыталі, што здарылася.

Пазней незнаёмыя мужчына і жанчына патэлефанавалі кудысьці і спыталі, куды можна прывезці Марыю. Усе разам яны селі ў трамвай і паехалі па паказаным адрасе.

— Я так і не зразумела, што гэта было за месца. З-за брамы выйшаў мужчына і спытаў, якая дапамога патрэбна. Я сказала, што хачу напісаць заяву ў паліцыю. На што ён мне адказаў: «Спачатку зніміце пабоі».

Сяк-так па GPS-навігатары Марыя дабралася да сваёй кватэры. Адкрываць вочы жанчыне па-ранейшаму было цяжка, таму арыентавалася ў асноўным на яго галасавое суправаджэнне.

Яе муж дабраўся да дома на таксі.

— Проста спыніў на вуліцы таксіста, даў яму 50 злотых і той давёз яго да дома, — распавядае беларуска.

На наступны дзень сям'я звярнулася ў клініку. Пасля абследаванняў у мужа жанчыны дыягнаставалі пералом косткі ніжняй часткі вачніцы, а таксама траўмы галавы і грудной клеткі (выпіска ёсць у рэдакцыі Most).

Сям'я плануе пасля поўнага абследавання звярнуцца ў паліцыю. Цяпер яны шукаюць магчымых сведак інцыдэнту.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула