БЕЛ Ł РУС

У Беларусі ў ліпені выраслі продажы новых аўтамабіляў

6.08.2025 / 12:27

Nashaniva.com

У ліпені гэтага года колькасць прададзеных новых аўтамабіляў у параўнанні з чэрвенем вырасла на 15,4% і склала 4346 машын. Як паведамілі ў аўтамабільнай асацыяцыі БАА, на рост паўплывалі актыўныя маркетынгавыя кампаніі дылераў.

Як адзначыў Дзмітрый Ярота, дырэктар УП «БАА-Кансалт», такі вынік стаў другім па велічыні ў гэтым годзе. Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны ў лютым — 4598 новых легкавых аўто.

Адметна, што 55% агульнага аб’ёму продажаў прыпадае на айчынны аўтапрам. Завод «БЕЛДЖЫ» ў ліпені рэалізаваў 2395 сваіх аўто. Пры гэтым 22,3% рынку заняў красовер Belgee X70. Ён стаў абсалютным лідарам.

У той жа час продажы ў ліпені 2025 года ў параўнанні з ліпенем 2024-га скараціліся на 1,8%. Таксама ў асацыяцыі адзначаюць тэндэнцыю скарачэння мадэльнага шэрагу: за пяць месяцаў колькасць даступных пакупнікам мадэляў скарацілася з 64 да 56.

Паводле слоў Дзмітрыя Яроты, сегмент электрамабіляў і паслядоўных гібрыдаў (NEV) склаў 14,8% ад агульнага аб’ёму продажаў. Тут лідарам стаў Dongfeng BOX — 301 прададзены аўтамабіль. Прычым доля паслядоўных гібрыдаў скарацілася з 60% у пачатку года да 22% у ліпені. Гэта, на думку спецыяліста, сведчыць аб тым, што пакупнікі цяпер пераарыентаваліся на цалкам электрычныя мадэлі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула