«Уэнсдэй» вярнулася! Ці не расчаруе другі сезон папулярнага серыяла ад Netflix?
Netflix прадставіў другі сезон серыяла «Уэнсдэй» (Wednesday) — гісторыі пра змрочную, але абаяльную дзяўчыну Уэнсдэй і яе сяброў са школы для незвычайных дзяцей. Пакуль выйшла першая палова сезону, але там ужо ёсць на што паглядзець.
Фота: кадр з трэйлера
Калі свет коміксаў — частка амерыканскай культурнай спадчыны, то сямейка Адамс — адзін з галоўных яго здабыткаў. Мастак Чарльз Адамс прыдумаў канцэпцыю гэтай сям'і яшчэ ў 1938 годзе, узяўшы за аснову вобраз традыцыйнай заходняй сям'і і дадаўшы да яго трошкі чорнага гумару.
Адамсы — вельмі згуртаваная сям'я, дзе муж і жонка кахаюць адно аднаго і падтрымліваюць дзяцей. Праўда, ёсць у іх даволі нетыповыя хобі. Напрыклад, бацька сямейства, мільярдэр Гомес Адамс, любіць разбураць цацачныя цягнікі і фехтаваць, а яго жонка Марціша вырошчвае атрутныя расліны і ведае, як накладваць псуту і загаворы. Яшчэ ёсць дзеці, дзяўчына Уэнсдэй і яе брат Пакслі — ахвяра жартаў сястры. І некалькі больш дробных персанажаў.
Гісторыя Адамсаў была заўжды гісторыяй пра чорны гумар, тым больш іх вусцішныя інтарэсы даюць магчымасць на гэтым згуляць. Напрыклад, Адамсы любяць тэмы готыкі, смерці і могілак, а таксама ў некаторых адаптацыях гэтай гісторыі валодаюць паранармальнымі здольнасцямі.
Такі фармат гісторыі, аднак, не дазваляў цалкам раскрыць асобных членаў сям'і — такіх, напрыклад, як маленькая дачка Адамсаў. З гэтым даў рады серыял «Уэнсдэй» (Wednesday), першы сезон якога выйшаў на Netflix у 2022-м.
Фота: кадр з трэйлера
Серыял выйшаў з-пад пяра Ціма Бёртана, культавага рэжысёра фільмаў з гатычнай стылістыкай. Бёртан адзняў па чатыры серыі ў першым і другім сезоне, а таксама далучыўся да каманды прадзюсараў серыяла.
Яго руку ў праекце добра бачна — «Уэнсдэй» нагадвае іканічнага «Бітлджуса», фільм Бёртана, дзе той яшчэ ў 1988-м расказаў гісторыю дзяўчыны-падлетка ў чорным, хаця і ў іншых абставінах. Здаецца, у гэтым серыяле Бёртан дабраўся да вытокаў таго вобразу. Акрамя яго і ў цэлым гісторыі сямейкі Адамс, тут пазнавальны ўплыў «Гары Потэра», іншай сагі пра сталенне падлеткаў з магічнымі здольнасцямі.
Дарэчы, пра падлеткаў. Для серыяла Уэнсдэй трохі падрасцілі — у першым сезоне ёй не 6 гадоў, як у серыяле 60-х пра Адамсаў, і не 10-12, як у больш позніх экранізацыях. Цяпер Уэнсдэй — 15-гадовая дзяўчына і вучаніца сумнавядомай школы «Нэвермор», куды трапляюць складаныя ў выхаванні дзеці.
Першы сезон серыяла, што выйшаў тры гады таму, аказаўся сапраўднай сагай пра сталенне пад маскай сатыры і традыцыйнага для Адамсаў чорнага гумару. Нам паказалі Уэнсдэй, якая спрабуе адаптавацца да новай школы і даць рады сваім экстрасэнсорным здольнасцям.
Шмат у чым гэта дэтэктыўны серыял. Сцэнарысты раскрываюць маленькую Адамс — атрымліваецца, што яна нашмат больш чым проста задзірлівая сястра Пакслі. У першым сезоне Уэнсдэй разбіраецца з забойствамі, што маюць месца ў гарадку навокал школы, і марыць пра поспех Мэры Шэлі, юнай аўтаркі «Франкенштэйна».
Фота: кадр з трэйлера
У другім сезоне нам з першых хвілін даюць зразумець — новая частка гісторыі будзе яшчэ больш змрочнай за мінулую. Уэнсдэй расказвае пра тое, як яна бавіла час летам. Дзяўчыну, якая заўжды існавала нібыта ў іншым свеце, паціху акунаюць у рэальнасць, і гэта глеба для неблагіх жартаў. Напрыклад, як Уэнсдэй з яе любоўю да зброі прайшла б кантроль бяспекі ў аэрапорце?
А прайсці яго давялося — Уэнсдэй трэба трапіць у іншы горад, каб сустрэцца з серыйным забойцам. Пасля таго рандэву яна вяртаецца ў «Нэвермор», дзе яе ўжо добра ведаюць праз апошнія падзеі першага сезону. Там у дзяўчыны з'яўляецца пераследнік, а навокал зноў пачынаюць адбывацца страшныя падзеі, і Уэнсдэй бярэцца за расследаванне.
Адначасова з вучобай Уэнсдэй даводзіцца выбудоўваць адносіны з бацькамі, заводзіць сяброў і даваць рады ўвазе хлопцаў — хаця яна і незвычайная, але ўсё-ткі падлетак. У новым сезоне больш увагі нададзена сямейнай дынаміцы і таму, як Уэнсдэй будуе адносіны з роднымі.
Яе брат Пакслі ўжо старэйшы і таксама далучыўся да складу вучняў «Нэвермора». Там жа і Марціша Адамс, маці Уэнсдэй, якую грае неверагодная Кэтрын Зета-Джонс — здаецца, гэтая роля даўно яе чакала. Новы кіраўнік «Нэвермора» ўгаварыў Марцішу дапамагаць школе, і цяпер яна будзе жыць зусім блізка да Уэнсдэй і Пакслі.
Фота: кадр з трэйлера
Другі сезон «Уэнсдэй» хаця і аказаўся больш змрочным, але пры гэтым захаваў той выбітны гумар, які быў у першым сезоне. Джэна Артэга, выканаўца ролі Уэнсдэй, зноў ззяе, як і іншыя акцёры.
Але галоўнае, што і ў 2025-м гэтае знешне падлеткавае кіно аказваецца нашмат большым, чым здаецца на першы погляд. Гэта далікатна знятая драма пра дзяўчынку, якая вучыцца не баяцца сваіх эмоцый, пра моц сяброўства і сямейных сувязей. А галоўнае — пра тое, што нават калі ты не такі ці не такая, як усе, ты ўсё роўна можаш знайсці сваю зграю.
Працяг другога сезону «Уэнсдэй» выйдзе на Netflix 3 верасня.