БЕЛ Ł РУС

Азербайджан і Арменія адкрыюць транспартны калідор пры ўдзеле ЗША і без удзелу Расіі

7.08.2025 / 17:44

Nashaniva.com

Азербайджан і Арменія плануюць падпісаць мірнае пагадненне, у якім будзе прадугледжана стварэнне важнага транспартнага калідора праз армянскую тэрыторыю — паміж асноўнай часткай Азербайджана і яго эксклавам Нахічэванню, піша Reuters.

Нікол Пашынян і Ільхам Аліеў. Фота: Ramil Sitdikov/Photohost Agency/Anadolu via Getty Images

Дакумент маюць падпісаць прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян у Белым доме. ЗША возьмуць актыўны ўдзел у гэтым праекце і атрымаюць выключныя правы на яго рэалізацыю.

Калідор назавуць у гонар амерыканскага прэзідэнта, у прысутнасці якога адбудзецца падпісанне, — Trump Route for International Peace and Prosperity («Маршрут Трампа дзеля міжнароднага міру і росквіту»). Ён будзе дзейнічаць паводле армянскага заканадаўства, але ЗША атрымаюць права перадаць кіраванне ім спецыяльнаму кансорцыуму.

Акрамя таго, Арменія і Азербайджан разам звернуцца з просьбай распусціць Мінскую групу, якая з 1992 года займалася ўрэгуляваннем канфлікту паміж гэтымі краінамі.

Амерыканскія чыноўнікі лічаць, што гэта пагадненне можа стаць крокам да далучэння Азербайджана да так званых «Аўраамаўскіх пагадненняў» — ініцыятывы па нармалізацыі адносін Ізраіля з шэрагам краін Блізкага Усходу і Афрыкі.

У адрозненне ад дамоўленасцяў 2020 года, калі транспартны кантроль ажыццяўлялі расійскія памежнікі, новы праект не прадугледжвае ўдзелу Расіі.

Чытайце таксама:

Пашынян наведае ЗША, дзе сустрэнецца з Трампам і Аліевым

Чаму Лукашэнка не Аліеў

Аліеў параіў Украіне не згаджацца на акупацыю. Z-каналы заклікаюць рыхтавацца да вайны з Азербайджанам

Каментары да артыкула