БЕЛ Ł РУС

Генплан Мінска будуць змяняць. Гараджане могуць агучыць прапановы

8.08.2025 / 10:46

Nashaniva.com

Дзе і калі будзе прэзентаваны генплан сталіцы і куды накіроўваць прапановы?

Грамадскае абмеркаванне генеральнага плана Мінска пачнецца 13 жніўня ў адміністрацыі Маскоўскага раёна. Аб'ява пра гэта апублікаваная ў газеце «Мінскі кур'ер», пішуць «Мінск-Навіны».

Азнаёміцца з праектам генеральнага плана можна з 13 па 27 жніўня ўключна на сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна, а таксама на сайтах усіх астатніх раённых адміністрацый горада ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні» і на сайце Мінскага гарвыканкама. Таксама экспазіцыя праекта з планшэтамі, тэкставымі матэрыяламі будзе размешчаная ў гэтыя ж даты ў холе 2-га паверха адміністрацыі Маскоўскага раёна (пр. Дзяржынскага, 10). Час працы экспазіцыі: панядзелак — чацвер: з 8:45 да 18:00 (абед — з 13:00 да 14:00); пятніца: з 8:45 да 16:45 (абед — з 13:00 да 14:00).

Электронная прэзентацыя новага генплана сталіцы будзе даступная з 15 па 27 жніўня ўключна на сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні». Ролік з прэзентацыяй можна будзе ўбачыць і на экспазіцыі.

Цяпер сталіца развіваецца паводле генплана, зацверджанага ў 2016 годзе.

Як пракаментавала начальніца ўпраўлення па архітэктуры і будаўніцтве адміністрацыі Маскоўскага раёна Вольга Верамей, у параўнанні з 2016 годам адбыліся змены ў працэдурах правядзення грамадскага абмеркавання. Цяпер паводле заканадаўства, калі межы праектавання аб'екта ахопліваюць тэрыторыі некалькіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (раёнаў у горадзе), то арганізатарам грамадскага абмеркавання з'яўляецца выканкам, на тэрыторыі якога знаходзіцца большая па плошчы частка тэрыторыі аб'екта. Менавіта таму працэдура праходзіць у Маскоўскім раёне — як самым вялікім у сталіцы. Да таго ж менавіта ў гэтым раёне размешчаны Мінгарвыканкам, які з'яўляецца заказчыкам распрацаванага праекта генплана сталіцы. Начальніца ўпраўлення адзначыла, што праектныя матэрыялы новага генплана будуць прадстаўленыя ў электронным выглядзе ва ўсіх адміністрацыях горада, так што ў жыхароў ёсць магчымасць азнаёміцца з імі.

Пісьмовыя заўвагі і прапановы па праекце гараджанам варта накіроўваць з 13 па 27 жніўня поштай або ў электроннай форме арганізатару грамадскага абмеркавання — адміністрацыі Маскоўскага раёна (220036, г. Мінск, пр. Дзяржынскага, 10, тэл. 360-81-20, электронны адрас mos.stroy@minsk.gov.by) з пазнакай «грамадскае абмеркаванне».

Заўвагі і прапановы, якія паступяць, будзе разглядаць архітэктурна-горадабудаўнічы савет пры галоўным архітэктары Мінска і камісія па грамадскім абмеркаванні адміністрацыі Маскоўскага раёна. Па выніках разгляду афармляецца і зацвярджаецца пратакол падвядзення вынікаў грамадскага абмеркавання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула