БЕЛ Ł РУС

Беларусам стала складаней легалізавацца ў Польшчы — там больш не прымаюць выдадзеныя ў БССР дакументы і патрабуюць апастылі

11.08.2025 / 8:6

Nashaniva.com

Беларусы, якія апошнімі днямі звярталіся ў польскія мясцовыя органы, кажуць, што ў іх перасталі прымаць некаторыя беларускія дакументы без апастылю.

Варшава. Фота: «Наша Ніва»

Апошнімі днямі ў чатах беларусаў у Польшчы людзі пішуць, што ў іх не прынялі беларускія пасведчанні аб нараджэнні або аб заключэнні шлюбу без апастылю.

Адметна, што раней такіх патрабаванняў не было.

Пры адмове прымаць дакументы ў польскіх дзяржаўных установах спасылаюцца на дакумент, выдадзены польскім МУС 28 ліпеня 2025 года.

Дакумент адрасаваны дырэктарам аддзелаў грамадзянскіх спраў і аналагічных упраўленняў ваяводстваў.

У ім гаворыцца, што згодна з інфармацыяй, атрыманай ад консула Польшчы ў Мінску, у Беларусі дагэтуль без якіх-небудзь абмежаванняў застаюцца ў звароце акты грамадзянскага стану, выдадзеныя органамі былой БССР або СССР, калі яны змяшчаюць чытэльныя звесткі.

У выпадку, калі дакументы, выдадзеныя органамі былога СССР або БССР, павінны быць выкарыстаныя за межамі Беларусі, зацікаўленая асоба павінна:

  1. Атрымаць паўторны экзэмпляр такога акта грамадзянскага стану ва ўстанове, якая захоўвае адпаведныя кнігі (паўторны экзэмпляр выдаецца на новым бланку).
  2. Засведчыць гэты паўторны дакумент штампам апастыль у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Разам з тым, такая працэдура магчымая толькі ў выпадку, калі адпаведная ўстанова або архіў мае кнігі актаў грамадзянскага стану з перыяду БССР або СССР.

Калі кнігі або архівы былі знішчаныя ці больш не знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, павінна быць выдадзена адпаведная даведка, гаворыцца ў лісце.

Ліст, які распаўсюджваюць у чатах. Крыніца: BelarusyPL / Telegram

З гэтага дакумента не да канца зразумела, ці патрэбны апастыль на ўсе беларускія дакументы або толькі на дублікаты, якія замяняюць тыя, што былі выдадзены ў БССР або СССР.

Некаторыя ўдакладняюць у чаце, што ва ўжондах па тэлефоне ім адказалі, што патрэбны апастыль на ўсе дакументы, выдадзеныя ў Беларусі.

«Тэлефанаваў ва ўжонд у Рашыне паўтары гадзіны таму, там сказалі, што атрымалі інфармацыю ад міністра: з 30 ліпеня 2025 года беларускія дакументы будуць прымаць толькі з апастылем Міністэрства замежных спраў Беларусі».

«У Варшаве толькі што адмовілі ва ўмяшчэнні (прызнанні і рэгістрацыі замежнага акта грамадзянскага стану — НН) з паўторным сведчаннем аб нараджэнні без апастылю».

Адметна, што ў першыя гады незалежнасці ў Беларусі працягвалі выдаваць пасведчанні аб нараджэнні і заключэнні шлюбу на бланках БССР, таму, хутчэй за ўсё, людзі, народжаныя ў 1991-1994 гадах, таксама павінны замяніць дакумент на дублікат.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула