ЗША маюць намер зламіць спажыўцоў расійскай нафты ў выпадку правалу ўрэгулявання вайны ва Украіне
Сенатар Ліндсі Грэм у інтэрв’ю NBC News заявіў, што прэзідэнт Дональд Трамп увядзе санкцыі супраць спажыўцоў расійскай нафты, калі ўрэгуляванне вайны ва Украіне праваліцца.
Скрыншот відэа
Грэм, вядомы як адзін з галоўных прыхільнікаў Украіны ў Кангрэсе, падкрэсліў, што, на яго думку, Уладзімір Пуцін «грэбліва ставіцца» да санкцый, але «не зможа вытрымаць», калі ЗША «ўдараць па яго спажыўцах нафты».
«Уся наша мэта — зламіць яго [Пуціна] кліентаў: Індыю, Кітай, Бразілію. <…> Гэта новая стратэгія. Трамп гатовы зрабіць усё магчымае, каб пакараць пакупнікоў Пуціна, калі мы не зможам пакласці канец гэтай вайне», — сказаў Грэм.
Дональд Трамп неаднаразова падкрэсліваў неабходнасць аказаць ціск на гандлёвых партнёраў Расіі, каб яны спынілі куплю яе нафты, тым самым перасталі папаўняць ваенны бюджэт краіны і схілілі Маскву да спынення агню ва Украіне. На яго думку, скарачэнне даходаў ад продажу энергарэсурсаў прымусіць Расію хутчэй пайсці на перамір’е.
У Крамлі заяўлялі, што ў Расіі выпрацаваўся «пэўны імунітэт» да санкцый.
6 жніўня амерыканскі прэзідэнт увёў дадатковыя мытныя пошліны ў памеры 25% для Індыі ў сувязі з яе закупкамі расійскай нафты. Меры павінны ўступіць у сілу праз 21 дзень. На наступны дзень Трамп дапусціў магчымасць увядзення аналагічных пошлін яшчэ для «пары краін», у тым ліку Кітая.
Незадоўга да гэтага спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткоф наведаў Маскву і сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Бакі дамовіліся аб сустрэчы Трампа і Пуціна ў пятніцу, 15 жніўня, на Алясцы.