БЕЛ Ł РУС

Медыкі расказалі пра стан пацярпелых у страшным ДТЗ у Дзятлаўскім раёне 

11.08.2025 / 13:27

Nashaniva.com

Учора на Гродзеншчыне адбылася аварыя, у якой загінулі тры чалавекі — абодва кіроўцы і 47-гадовая пасажырка Renault. Трое дзяцей і двое дарослых былі шпіталізаваныя. Мінздароўя паведаміла, што з пацярпелымі цяпер. 

Паводле паведамлення, усе пацярпелыя былі дастаўлены ў Дзятлаўскую ЦРБ.

4-гадовы хлопчык і 12-гадовая дзяўчынка з цяжкімі траўмамі паступілі ў рэанімацыю. Дзяўчынцы зрабілі тэрміновую аперацыю яшчэ да прыбыцця абласных спецыялістаў.

У Дзятлава прыбылі хірург, анестэзіёлаг-рэаніматолаг і траўматолаг з Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы, нейрахірург і таракальны хірург з Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гродна, а таксама дзіцячы нейрахірург і дзіцячы рэаніматолаг з Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання.

На гэты момант 12-гадовая дзяўчынка застаецца ў рэанімацыі Дзятлаўскай ЦРБ, яе стан ацэньваецца як цяжкі; пасля стабілізацыі яе плануюць перавесці ў Гродзенскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу.

4-гадовы хлопчык з траўмай жывата і пераломам галёнкаступнёвага сустава ўжо пераведзены ў Гродзенскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу — яго транспарціроўку суправаджалі супрацоўнікі ДАІ для забеспячэння аператыўнасці.

23-гадовая пацыентка з пераломам сцягна працягне лячэнне ў Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

17-гадовы падлетак і 24-гадовая дзяўчына будуць лячыцца ў хірургічным аддзяленні Дзятлаўскай ЦРБ, іх стан ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула