Чаму менавіта Аляску абралі для саміту Трампа і Пуціна па Украіне
Аляска — аддалены амерыканскі штат, да якога нялёгка дабірацца і прэзідэнту ЗША Трампу, і прэзідэнту Расіі Пуціну, але выбар месца сустрэчы двух лідараў адлюстроўвае мноства фактараў, піша Guardian.
Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін у Хельсінкі, Фінляндыя, 2018 год. Фота: Pablo Martínez Monsiváis / AP
Запланаваны на пятніцу саміт паміж Уладзімірам Пуціным і Дональдам Трампам пройдзе на Алясцы — месцы, якое аднолькава нязручнае для абодвух лідараў. Паводле расійскага дарадцы па знешняй палітыцы Юрыя Ушакова, выбар «цалкам лагічны», бо ЗША і Расію падзяляе ўсяго 55 міль па Берангавым праліве. Аднак шлях з Масквы ў Анкорыдж займае каля дзевяці гадзін лёту, а з Вашынгтона — амаль восем.
Аляска знаходзіцца далёка ад Украіны і яе еўрапейскіх саюзнікаў, што можа адсунуць іх інтарэсы на другі план.
Хоць Трамп, нібыта, і гатовы дапусціць удзел Уладзіміра Зяленскага, цяжка ўявіць, каб Пуцін пагадзіўся на гэта, бо яго мэта — весці непасрэдныя перамовы з прэзідэнтам ЗША па пытаннях санкцый, гандлю і ролі НАТА ў Еўропе, а таксама абмяркоўваць сваю прапанову па тэрытарыяльных саступках Украіны ў абмен на спыненне агню.
Выбар Аляскі таксама тлумачыцца бяспекай для Пуціна, супраць якога Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт за ваенныя злачынствы, звязаныя з дэпартацыяй украінскіх дзяцей у 2023 годзе.
Ні ЗША, ні Расія не прызнаюць юрысдыкцыю гэтага суда, і маршрут праз Арктыку пазбягае пералётаў над «нядружалюбнымі» краінамі.
Раней амерыкана-расійскія і амерыкана-савецкія саміты часта праходзілі ў «прахалодных» месцах — напрыклад, у Хельсінкі ў 2018 годзе, дзе Трамп зазнаў крытыку за заяву, што давярае Пуціну больш, чым уласным спецслужбам.
У часы «халоднай вайны» значным быў таксама саміт у Рэйк’явіку 1986 года паміж Рэйганам і Гарбачовым, які, хоць і скончыўся без пагаднення, стаў важным этапам у дыскусіях аб ядзерным раззбраенні.
Сустрэча ў Алясцы будзе толькі чацвёртым амерыкана-расійскім самітам з 2010 года.
Нягледзячы на магчымасць абмеркаваць спыненне агню ва Украіне, перспектывы застаюцца змрочнымі, паколькі баі працягваюцца, а Расія рэгулярна наносіць удары па ўкраінскіх гарадах, спрабуючы прымусіць суседа да капітуляцыі.