БЕЛ Ł РУС

У вёсцы пад Барысавам разам з полем зааралі адзіную дарогу. Адважны чалавек паехаў і загруз

11.08.2025 / 18:35

Nashaniva.com

Жыхары вёскі Студзёнка прачнуліся ў суботу раніцай і даведаліся, што дарогі больш няма.

Фота: «Мінская праўда»

У вёсцы Студзёнка Барысаўскага раёна разам з палеткам узаралі адзіную дарогу, па якой дачнікі дабіраліся да свайго ўчастка.

Сітуацыя выклікала буру эмоцый і абурэнняў мясцовых жыхароў, бо іншых пад’ездаў да ўчасткаў няма, піша «Мінская праўда».

«Мы ехалі як звычайна. А тут глядзім: усё перакапана. Машына села, колы праваліліся. Хто гэта зрабіў? Чаму ніхто не папярэдзіў?» — задалася пытаннем жыхарка вёскі.

Адзін з кіроўцаў, праігнараваўшы стан глебы, вырашыў праскочыць па ўзараным участку. Вынік быў крыху прадказальны: машына загрузла ў рыхлай глебе, выехаць самастойна не атрымалася. Урэшце давялося выцягваць аўто агульнымі намаганнямі. Дзякуючы гэтаму ўдалося паказаць праблему, выклаўшы відэа ў сацыяльныя сеткі.

У аддзеле землеўпарадкавання Барысаўскага райвыканкама растлумачылі, што дарога праходзіць па мяжы зямельнага ўчастка, які належыць ААТ «Міраполле». І ў дакументах ёсць блытаніна.

«Па публічнай кадастравай карце — гэта сельскагаспадарчыя ўгоддзі (па мяжы зямельнага ўчастка сельгаспрадпрыемства), але па геапартале — землі пад дарогамі. Так, яна не зарэгістраваная як паўнавартасная дарога. Але яна лічыцца як зямля пад транспартныя камунікацыі.

Мы ўжо звязаліся з прадстаўнікамі ААТ, яны паабяцалі аднавіць дарогу (а там каля 500 метраў) на працягу двух дзён, да 15 чысла, перад пачаткам пасяўных работ», — расказалі ў выканкаме.

На прадпрыемстве, якому належыць участак, паабяцалі аднавіць дарогу ў найбліжэйшы час.

Чытайце таксама:

Моцны вецер паваліў 18 дрэў у Гродзенскай вобласці

У Барысаве выдзяляюць больш чым мільён даляраў на «адраджэнне яўрэйскіх традыцый»

Звярнулася 11 ліпеня, запісалі на 22 верасня. У Жодзіне абмяркоўваюць чэргі ў бальніцу

Каментары да артыкула