БЕЛ Ł РУС

У ЗША метэарыт упаў на дом. Навукоўцы сцвярджаюць, што ён старэйшы за Зямлю

11.08.2025 / 20:20

Nashaniva.com

НАСА пацвердзіла, што 26 чэрвеня над штатам Джорджыя метэарыт праляцеў у светлы час сутак, а пасля выбухнуў. Даследчыкі з Універсітэта Джорджыі вывучылі фрагмент каменя, які прабіў дах дома ў горадзе Макдона, і вызначылі, што ён утварыўся каля 4,56 мільярда гадоў таму — гэта прыкладна на 20 мільёнаў гадоў старэй за нашу планету, піша Бі-бі-сі.

Фота: Josh Grant

Палёт метэарыта і яго выбух бачылі сотні жыхароў Джорджыі і найбліжэйшых штатаў. Падчас палёту метэарыт хутка памяншаўся ў памерах і хуткасці, але калі ён ударыўся аб дах дома ў графстве Генры, ягоная хуткасць усё ж такі складала не менш за 1 кіламетр у секунду.

Мноства фрагментаў, якія трапілі ў будынак, перадалі навукоўцам для даследавання. З дапамогай аптычнага і электроннага мікраскопаў геолаг Скот Харыс і ягоная каманда вызначылі тып метэарыта — гэта быў хандрыт, самы распаўсюджаны тып каменных метэарытаў. Гэта пацвярджае ўзрост прыкладна 4,56 мільярда гадоў.

Жыхар дома прызнаўся, што дагэтуль знаходзіць каля свайго дому часцінкі касмічнага пылу. Аб’ект атрымаў назву «Метэарыт Макдона» і стаў ужо 27-м метэарытам, знойдзеным у Джорджыі.

Скот Харыс адзначае, што раней падобнае здарэнне адбывалася раз у некалькі дзесяцігоддзяў, а цяпер — некалькі разоў за 20 гадоў, дзякуючы сучасным тэхналогіям і ўвазе грамадскасці.

Вучоны спадзяецца апублікаваць свае вынікі адносна складу і хуткасці астэроіда, што дапаможа лепш зразумець пагрозы ад іншых нябесных целаў. Ён падкрэслівае: «Аднойчы нешта вялікае ўпадзе і выкліча катастрофу. Калі мы можам ад гэтага абараніцца, мы хочам гэта зрабіць».

Чытайце таксама:

Каля берагоў Канады заўважылі рэдкі чорны айсберг

Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў

Смалявіцкі метэарыт афіцыйна зарэгістраваны ў міжнародным рэестры

Каментары да артыкула