БЕЛ Ł РУС

У ледавіку каля Антарктыды знайшлі цела навукоўца, які загінуў у 1959 годзе

11.08.2025 / 21:4

Nashaniva.com

Каля Антарктыды ў ледавіку знайшлі парэшткі брытанскага даследчыка Дэніса Бела, які загінуў ажно 66 гадоў таму, паведамілі ў Брытанскай антарктычнай службе.

Дэніс Бел. Фота: British Antarctic Survey

Дэніс Бел загінуў у 1959 годзе ва ўзросце 25 гадоў, калі падчас паходу на ледавік для геадэзічных і геалагічных даследаванняў праваліўся ў трэшчыну.

Спачатку яго ўдалося часткова падняць з глыбіні каля 30 метраў, але пасля вяроўка абарвалася і ён зноў упаў. Пасля гэтага мужчына ўжо не падаваў прыкмет жыцця. Пошукі доўжыліся 12 гадзін, але ўмовы снежнай буры і глыбіня ледавіка зрабілі выратаванне немагчымым.

Цела брытанца заставалася ў ледавіку да студзеня 2025 года, калі польскія даследчыкі выявілі яго дзякуючы таянню лёду. Ідэнтыфікацыю правялі па ДНК, і цяпер сям’я змагла афіцыйна пахаваць парэшткі навукоўца праз 66 гадоў пасля трагедыі.

Дэніс Бел быў старэйшым з чатырох дзяцей у сям’і з Лондана. Ён працаваў радыстам, а потым метэаролагам у арганізацыі Falkland Islands Dependencies Survey і ў 1958 годзе адправіўся ў двухгадовую экспедыцыю на востраў Кінг-Джордж, што прыкладна за 120 км ад Антарктыды.

Кіраўніца Брытанскай антарктычнай службы Джэйн Фрэнсіс назвала знаходку кранальным момантам і адзначыла, што Бел быў адным з тых мужных супрацоўнікаў, якія ўнеслі свой уклад у раннія навуковыя даследаванні Антарктыды ў вельмі суровых умовах.

Чытайце таксама:

У пакістанскім ледавіку знайшлі цела чалавека, які знік 28 гадоў таму. Яно амаль не пашкоджанае

Каля берагоў Канады заўважылі рэдкі чорны айсберг

Навукоўцы б'юць трывогу: скандынаўскія ледавікі імкліва растаюць

Каментары да артыкула