У Расіі прапанавалі абмежаваць імпарт беларускага цэменту
На расійскім рынку назіраецца перанасычэнне цэментам, з-за чаго некаторыя вытворцы пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень. Найбуйнейшы мясцовы вытворца «Цемрос» прапанаваў усталяваць ліміт імпарту ў 1,5 мільёнаў тон у год і ўвесці антыдэмпінгавыя пошліны, у першую чаргу супраць Беларусі — галоўнага замежнага пастаўшчыка, піша выданне «Белорусы и рынок».
Фота: bck.by
З 1 кастрычніка «Цемрос» пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень, тлумачачы гэта падзеннем спажывання цэменту ў Расіі і ростам імпарту. Паводле «Саюзцэмента», асноўныя замежныя пастаўшчыкі — Беларусь, Казахстан, Іран, а таксама Кітай і В’етнам.
З 2019 па 2024 год спажыванне цэменту ў Расіі вырасла менш чым на 16%, у той час як імпарт амаль патроіўся. На пачатак гэтага лета яго аб’ёмы з Беларусі, Ірана і Казахстана сталі супастаўнымі з забеспячэннем шасці-сямі рэгіёнаў РФ або прадукцыйнасцю двух-трох буйных заводаў. Пры гэтым расійскія прадпрыемствы працуюць з недазагрузкай і нават спыняюць вытворчасць.
«Цемрос» лічыць, што замежныя пастаўшчыкі атрымліваюць выгаду ад мер падтрымкі будаўнічай галіны, уведзеных у 2020—2023 гадах для ўнутраных вытворцаў. Кампанія прапануе замацаваць аб’ём імпарту на ўзроўні, які быў да льготнай іпатэкі, каб забяспечыць загрузку ўласных магутнасцяў і стабільнасць дзяржаўнай палітыкі ў галіне.
Пры негатыўным сцэнары спажыванне цэменту ў Расіі ў 2025 годзе можа знізіцца на 10—15% у параўнанні з 2024 годам, калі яно склала каля 67 мільёнаў тон.
Чытайце таксама:
Польшча ўвяла санкцыі супраць «Беларускай цэментнай кампаніі»
Адбыўся пажар на Беларускім цэментным заводзе ў Касцюковічах
Дарогі на выезд з Мінска будуць рабіць з цэментабетонным пакрыццём