Новыя жылыя кварталы пабудуюць паблізу Мінска. Якімі яны будуць
Паблізу аграгарадка Калодзішчы Мінскага раёна і на тэрыторыі жылога масіва Зялёны Бор хутка пачнецца вялікае будаўніцтва. Падрабязнасці Мінск-Навінам расказаў старшыня Мінаблвыканкама Уладзімір Кухараў.
Ілюстрацыйнае фота
Адпаведнае распараджэнне аб будаўніцтве новых жылых раёнаў у гэтых лакацыях 7 жніўня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
— Гэтыя пляцоўкі былі абраныя па дзвюх прычынах: яны знаходзяцца адносна недалёка ад Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі і з'яўляюцца незанятымі, — сказаў У. Кухараў.
— Іншых свабодных тэрыторый такіх памераў у Мінску няма. А сацыяльныя абавязкі ў горада ёсць. У прыватнасці, гэта будаўніцтва жылля для тых, хто стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку шматдзетных сем'яў, арэндных і сацыяльных кватэр. Таму кварталы, пра якія ідзе гаворка, будуць забудаваны менавіта такім жыллём.
Зараз у будучых кварталах праектуюцца камунікацыі. Усяго ж рэалізацыя праекта зойме 10—12 гадоў.
— Улічваючы тое, што новыя кварталы будуць некалькі аддаленыя ад асноўных жыллёвых масіваў Мінска, уся неабходная сацыяльная інфраструктура тут будзе стварацца свая, — дадаў У. Кухараў.
Будаўніцтва новых кварталаў пачнецца з пракладкі пад’язной дарогі і інжынерных сетак. Плануецца, што хутка рабочыя выйдуць на пляцоўку.