БЕЛ Ł РУС

Марсіянскі метэарыт прадалі на аўкцыёне за вялікія грошы. Улады афрыканскай краіны пратэстуюць

12.08.2025 / 17:6

Nashaniva.com

У ліпені 2025 года на аўкцыёне Sotheby's у Нью-Ёрку прадалі найбуйнейшы вядомы кавалак Марса на Зямлі — марсіянскі метэарыт вагой 24,7 кг за 4,3 мільёна даляраў. Улады афрыканскай дзяржавы Нігер пачалі расследаванне, бо камень быў знойдзены ў гэтай краіне ў лістападзе 2023 года ў пустынным рэгіёне Агадэс, і невядома, ці быў ён вывезены законна, паведамляе Euronews.

Фота: Richard Drew/AP

Метэарыт, які атрымаў назву NWA 17788, паводле навукоўцаў, трапіў на Зямлю пасля ўдару іншага касмічнага цела па паверхні Марса. Яго вывучалі італьянскія даследчыкі, а доступ да каменя, здаецца, забяспечыў прыватны калекцыянер, які, верагодна, і выставіў яго на продаж у ЗША.

У Sotheby's заявілі, што ўся дакументацыя была ў парадку, але падрабязнасці шляху каменя да аўкцыёна не раскрылі.

Улады Нігера ж мяркуюць, што ў гісторыі шмат невыразных момантаў, а прэзідэнт краіны нават часова забараніў экспарт метэарытаў і каштоўных камянёў да заканчэння следства.

Фота: Richard Drew/AP

Сітуацыя ўскладняецца тым, што міжнародныя законы не вызначаюць выразна, ці лічацца метэарыты часткай прыроднай або культурнай спадчыны краіны. Таму выпадкі, як з NWA 17788, трапляюць у юрыдычную «шэрую зону».

Эксперты адзначаюць, што ў пустыні Сахара метэарыты захоўваюцца асабліва добра, мясцовыя жыхары часта збіраюць іх для продажу калекцыянерам, а ўладам гэта кантраляваць вельмі складана.

Чытайце таксама:

У ЗША метэарыт упаў на дом. Навукоўцы сцвярджаюць, што ён старэйшы за Зямлю

Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў

Смалявіцкі метэарыт афіцыйна зарэгістраваны ў міжнародным рэестры

Каментары да артыкула