АНТ патлумачыў прычыну чэргаў на мяжы Беларусі з Польшчай. Прапагандыстаў высмеялі проста ў каментарыях пад відэа
Беларускі прапагандысцкі тэлеканал АНТ выпусціў сюжэт пра гіганцкія чэргі на мяжы Беларусі і Польшчы. Паводле версіі аўтараў сюжэту, у сітуацыі вінаваты польскі бок, які нібыта дрэнна арганізаваў працу пропуску. Беларусы ж у каментарыях звярнулі ўвагу на моманты, пра якія прамаўчалі прапагандысты, заўважыла BGmedia.
Аўтобусы ў чарзе перад пунктам пропуску «Брэст» у жніўні 2025 года. Скрыншот відэа. Крыніца фота
Дзяржтэлеканал АНТ апублікаваў сюжэт пра прычыны велізарных чэргаў на выезд з Беларусі ў Польшчу праз пункт пропуску «Брэст». Прапагандысты, вядома, абвінавацілі ва ўсім палякаў, якія спецыяльна павольна працуюць, каб раззлаваць беларусаў. А беларускіх памежнікаў і мытнікаў паказалі ў сюжэце ідэальнымі работнікамі, да якіх няма пытанняў. Але яны ёсць, таму беларусы, якія жывуць у тым ліку ў Еўропе, раскрытыкавалі і высмеялі сюжэт прапагандыстаў у каментарыях на платформах АНТ у Youtube і TikTok.
Як прапагандысты пастараліся схаваць праўду пра чэргі на мяжы
АНТ апублікаваў свой прапагандысцкі сюжэт 10 жніўня. Магчыма, здымалі яго ў той жа дзень, бо дзяржжурналісты пагутарылі з кіраўніцтвам пункта пропуску «Брэст».
У сюжэце некалькі разоў згадваюць, што ўлады Польшчы закрылі ўсе аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, акрамя «Брэста». Але пра прычыны закрыцця маўчаць. Нагадаем, іх закрылі з-за мігрантаў, якіх рэжым Лукашэнкі працягвае дастаўляць на мяжу і дапамагае ім незаконна трапіць у Польшчу. А таксама з-за прысуду польскаму журналісту і актывісту Анджэю Пачобуту.
Начальнік аддзялення пагранічнага кантролю «Варшаўскі мост» Аляксей Пракапеня ў каментары АНТ паскардзіўся, што польскі бок не выконвае норму па прапуску аўтамабіляў. Але пры гэтым ён ні слова не сказаў пра тое, ці выконвае гэтыя нормы беларуская бок:
«Асноўнай прычынай з’яўляецца крайне нерытымічная работа кантрольных службаў сумежных дзяржаў, якія працягваюць прымаць на сваю тэрыторыю транспартных сродкаў менш, чым устаноўлена міжнароднымі пагадненнямі. Так, у асобныя гадзіны кожных сутак сумежным бокам не ажыццяўляецца пропуск наогул транспартных сродкаў і асоб, або ж ажыццяўляецца ў мінімальным аб’ёме. З 3 да 4 гадзін бягучых сутак польскім бокам прынята 2 легкавыя транспартныя сродкі і ніводнага аўтобуса».
Адзін момант у сюжэце насмяшыў. Прапагандыст, знаходзячыся ў пункце пропуску «Брэст», заявіў:
«За маёй спінай польскі бок, і мы можам бачыць велізарную чаргу з аўтамабіляў, якой няма ні канца, ні краю. Сумежны бок працуе дастаткова спецыфічна: альбо запускае залпам на працягу гадзіны па 30—40 машын, альбо ніводнай на працягу некалькіх гадзін. Пры нармальным працоўным рытме вось гэтая пляцоўка павінна быць запоўненая транспартам, але зараз яна амаль пустая. Для разумення: норма — 70 аўтамабіляў у гадзіну, калі б валакіта была ў нас у назапашвальніку, яблыку не было б дзе ўпасці».
Відавочна, што ён дачакаўся моманту, каб зняць пусты назапашвальнік, дзе звычайна стаяць аўтамабілі, якія прыехалі з Польшчы і чакаюць пачатку кантролю ў «Брэсце».
А начальнік мытнага паста «Варшаўскі мост» Аляксей Данілюк наогул здолеў абвінаваціць палякаў у праблеме, якая насамрэч уласцівая беларусам:
«Калапс узнікае, калі працяглы перыяд часу транспартныя сродкі не накіроўваюцца ў пункт пропуску, а затым вялікая колькасць, напрыклад, тых жа аўтобусаў, парадку 10, выпускаецца сумежным бокам, і ў сувязі са спецыфікай пункта пропуску, у нас вузкае горла — гэта сам мост, яны забіваюць яго, тым самым перашкаджаючы ўезду ў пункт пропуску. Разам з тым, ва ўзаемадзеянні з пагранічнай службай, мы максімальна забіраем усе аўтобусы ў пункт пропуску, тым самым даем магчымасць для манеўру легкавога транспарту».
Скрын відэа
У прыгранічных чатах не раз пісалі, што гэта беларусы забіваюць мост аўтамабілямі і аўтобусамі, ствараючы там калапс.
Сюжэт АНТ высмеялі і раскрытыкавалі проста ў каментарыях
Беларусы адразу адзначылі моманты, пра якія прамаўчалі прапагандысты.
* «А хто забіў польскага салдата? Хто пастаянна парушае мяжу? І як Польшча павінна на ўсё гэта рэагаваць?».
* «Гэта вы можаце казаць тым, хто не ездзіць туды і назад. А тыя, хто ездзіць, ведаюць хто, што і як».
* «У мінулым годзе ў Беларусі толькі ў тэрмінале ўнутры, ужо на аглядзе, прастаялі 8 гадзін! Мытнік проста хадзіў туды-сюды. То відэарэгістратары раздаваў калегам, то еў, то дакументы правяраў. 8 гадзін — адна машына! Так што не трэба».
* «Я праходжу беларускую мытню 12 гадзін. Спачатку ўсе шкарпэткі і трусы перагледзяць. А потым рэнтген [аўтамабіля]. Электроннага ўліку аўто дагэтуль няма ў мытнікаў».
* «Яшчэ праблема: у бок Беларусі стаяць у чарзе і чырвоны, і зялёны калідор. І часам зялёны можа быць свабодны, а чырвоны забіты. Тыя, хто ў зялёны, не ведае і не можа аб’ехаць тых, хто ў чырвоны. Выхад: на нейтральнай паласе ў бок Беларусі патрэбна арганізацыя рэгулявання руху».
* «Сумленна кажучы, абодва бакі працуюць павольна… стаіш што ў бок Польшчы, што ў бок РБ. Па часе амаль аднолькава. Так што не трэба».
* «Палякі хоць рэдка просяць прайсці кантроль з рэчамі, у адрозненне ад беларусаў».
* «Калі глядзець аб’ектыўна, у чэргах вінаваты самі беларусы. У першую чаргу дзяржава. Тлумачу на пальцах. З боку Беларусі адкрылі мяжу нелегалам, яны пайшлі на Захад натоўпамі. У адказ заходнія суседзі пазакрывалі пункты пропуску. Другое: ёсць сезоннасць руху. Ну і крымінал, кантрабанда нікуды не зніклі. Трэцяе: заходні свет жыве лічбавымі тэхналогіямі, толькі дзяржава вінаватая, што свае людзі без санітарыі, у хаосе пакутуюць. А можа ўлады Беларусі не хочуць, каб простыя людзі бачылі іншае жыццё і параўноўвалі».
* «Вярніце Пачобута і вас пачнуць лічыць за людзей!».
* «Можа не трэба было быць памагатымі тэрарызму і ваенных злачынстваў? Усё як заўсёды: «а нас за што?» Можа ў вас бачаць пагрозу і ставяцца як да пракажоных?»
Былі і іранічныя каментары:
* «Як жа так, вы адкуль і куды. У вас жа дома рай, і бацька ваш так хораша залівае пра ўсеагульнае шчасце».
* «Раз так добра ў Беларусі, чаго ж вы прэцеся тады ў Польшчу?».
* «А што ім рабіць у загніваючай Еўропе?».
* «А што вы едзеце ў гэтую «дрэнную Еўропу», якая ўсіх крыўдзіць? Едзьце ў Расію, там жа тыпу «лепш».
* «Скажыце дзякуй, што пускаюць».