БЕЛ Ł РУС

Беларусы ў Літве сталі значна часцей атрымліваць пашпарт замежніка

14.08.2025 / 13:45

Nashaniva.com

З верасня 2023 года ў беларусаў за мяжой знікла магчымасць атрымліваць новыя пашпарты праз амбасады, таму попыт на пашпарт замежніка ў Літве вырас у некалькі разоў.

Беларускі пашпарт і пашпарт замежніка, які выдаюць у Літве. Фота: «Наша Ніва»

Згодна з данымі Дэпартамента міграцыі Літвы, у 2023 годзе, калі большую частку года беларусы маглі рабіць новыя пашпарты праз амбасаду, грамадзянам Беларусі было выдадзена ўсяго 36 пашпартоў замежніка.

У 2024 годзе гэтая колькасць ужо склала 155.

Па колькасці атрымальнікаў пашпартоў замежніка грамадзяне Беларусі летась занялі першае месца. На другім — грамадзяне Расіі (25), на трэцім — Афганістана (16).

У той жа час колькасць атрымальнікаў пашпарта ўцекача, наадварот, знізілася — з 215 у 2023 годзе да 112 у 2024-м. Тым не менш, і тут беларусы займаюць першае месца, прычым з вялікім адрывам.

На другім месцы па колькасці выдадзеных пашпартоў уцекача ў Літве ў 2024 годзе былі афганцы (33), на трэцім — расіяне (31).

Колькасць выдадзеных пашпартоў замежніка і ўцекача ў Літве ў 2023 і 2024 гадах. Скрыншот: migracija.lrv.lt. Калаж: «Наша Ніва»

Чым адрозніваюцца гэтыя дакументы?

На пашпарт замежніка ў Літве могуць прэтэндаваць іншаземцы з любым тыпам ДНЖ — як часовым, так і пастаянным. Падстава яго выдачы значэння не мае. Галоўнае — мець аб’ектыўныя прычыны, праз якія ў чалавека няма магчымасці абнавіць пашпарт у краіне грамадзянства.

Дакумент выдаюць на той жа тэрмін, што і ДНЖ: на 2—3 гады — пры часовым, і на 5 гадоў — пры пастаянным.

На пашпарт уцекача могуць прэтэндаваць замежнікі, якія маюць адпаведны статус. Такім людзям Літва выдае пастаянны дазвол на пражыванне на 5 гадоў, і на такі ж тэрмін яны могуць атрымаць пашпарт уцекача.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула