УСУ: Сітуацыя на Дабрапольскім кірунку стабілізуецца
На Дабрапольскім кірунку сітуацыя паступова бярэцца пад кантроль: украінскія абаронцы наносяць расійскім вайскоўцам адчувальныя страты. Пра гэта ў афіцыйным каментарыі заявіў прадстаўнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны Андрэй Кавалёў.
Мапа DeepState на 14 жніўня
Кавалёў заявіў, што сітуацыя на Дабрапольскім кірунку стабілізуецца.
Паводле рашэння Галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Украіны, для ўзмацнення ўстойлівасці і абароны на Дабрапольскім і Пакроўскім напрамках выдзелены дадатковыя сілы і сродкі, сказаў прадстаўнік Генштаба ў кароткім каментарыі.
«Падчас дзеянняў першага корпуса Нацыянальнай гвардыі Украіны «Азоў», сумежных і падпарадкаваных падраздзяленняў, вораг нясе значныя страты.
За апошнія суткі ў паласе адказнасці корпуса забіты 151 расійскі вайсковец, 70 паранены, 8 узялі ў палон, заяўляюць у Генштабе.
12 жніўня стала вядома, што расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса. Эксперты гавораць, што Украіна мае зусім мала часу, каб контрударам вярнуць і прадухіліць далейшыя тэрытарыяльныя страты.